У Мінску за хабары судзяць экс-дырэктара Палаца спорту

18 февраля 2019

Даванне і атрыманне хабару, махлярства, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаліся слуханні па справе былога кіраўніка Палаца спорту.

Яго абвінавачваюць адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Нагадаем, экс-дырэктара затрымалі супрацоўнікі КДБ летась у лютым у яго кабінеце пры атрыманні хабару памерам 2 тысячы рублёў.

Паводле звестак праваахоўнікаў, мужчына прымаў падзяку ад камерцыйных арганізацый. Прычым, браў літаральна ўсё – будаўнічыя матэрыялы і бытавыя электрапрыборы, алкаголь, ласункі і нават іконы. Па версіі следства, падазроны таксама наладзіў сістэму так званых адкатаў за правядзенне выстаў на пляцоўцы Палаца спорту - 10 % ад агульнай сумы.

Паводле звестак СК, за 6 гадоў мужчына атрымаў амаль 80 тысяч рублёў у якасці ўзнагароды. Вядома 170 эпізодаў яго супрацьпраўнай дзейнасці.