Усяго паўтары хвіліны спатрэбілася зламыснікам, каб абрабаваць бутык гадзіннікаў у Мінску. Сёння а 5-й гадзіне раніцы невядомыя, разбіўшы шкляныя дзверы магазіна на вуліцы Камсамольскай, забралі партыю гадзіннікаў коштам некалькі тысяч долараў кожныя. У бутыку спрацавала сігналізацыя, і ўжо праз некалькі хвілін на месцы злачынства аказаліся супрацоўнікі дэпартамента аховы, аднак рабаўнікоў ужо не было. На месцы здарэння працуе следчая група.
Яўген Сачак, супрацоўнік прэс-службы ГУУС г. Мінска: "Для ўчынення крадзяжу зламысніку спатрэбіліся менш чым паўтары хвіліны. У памяшканні да прыбыцця міліцыі ўжо нікога не было. Злачынец альбо злачынцы трапілі ў магазін, узламаўшы ралет. Былі разбітыя шкляныя дзверы ў магазін, унутры разбітыя вітрыны, учынены крадзеж партыі дарагіх гадзіннікаў".
Нагадаем, 20 студзеня ў Мінску на праспекце Незалежнасці быў учынены напад на ювелірны магазін Ziko. Тады рабаўніка таксама не ўдалося затрымаць.














