У Лагойскім раёне ўзбуджана крымінальная справа

16 февраля 2015

Па факце выбуху школьнай кацельні ў Лагойскім раёне ўзбуджана крымінальная справа. У выніку аварыі загінуў адзін дарослы, дзеці не пацярпелі. Паводле версіі следства, выбух адбыўся, калі мужчына паспрабаваў адкрыць вентыль катла. Як высветліў наш карэспандэнт Уладзімір Каралёў, загінуўшы не з'яўляўся работнікам кацельні. Што стала прычынай смяротнай аварыі - у наступным рэпартажы.

Зараз на месцы здарэння ў вёсцы Акцябр вядуцца аднаўленчыя работы. Кацёл, які дэфармаваўся ў выніку выбуху, ужо выняты. Самі мясцовыя жыхары аб праблеме ведаюць, але чамусьці лічаць за лепшае не мець зносінаў з журналістамі.

Сваякі загінуўшага 24-гадовага хлопца не хочуць гаварыць пра трагедыю, баяцца, што мужчыну зробяць вінаватым. Выбух у школьнай кацельні адбыўся напярэдадні раніцай. Прыкладна тады, калі празвінеў званок на ўрок. Неадкладна на месца здарэння прыбылі ратавальнікі, эксперты і следчыя.

Таццяна Беланог, афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці:

"Падчас праверачных мерапрыемстваў следствам атрыманы папярэднія звесткі, якія сведчаць аб тым, што адна з асноўных прычын здарэння - чалавечы фактар. А менавіта невыкананне тэхнікі бяспекі, а таксама невыкананне правіл эксплуатацыі пячнога абсталявання".

Паводле версіі следства, загінуўшы мужчына - сябар качагараў, неаднаразова з'яўляўся ў кацельні, што называецца за кампанію. Паводле матэрыялаў справы, ён адкрыў вентыль катла, пасля адбыўся выбух, у выніку якога хлопец атрымаў моцныя апёкі і пералом пазваночніка - выратаваць яго не ўдалося.

Таццяна Беланог, афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці:

"У момант выбуху загінуўшы разам з качагарамі знаходзіўся ў памяшканні кацельні, што забаронена дзеючымі інструкцыямі. Па дадзеным факце Лагойскім РАСК узбуджана крымінальная справа па ч 1. арт. 144 КК РБ "Прычыненне смерці па неасцярожнасці". Па падазрэнні ва ўчыненні злачынства затрыманы двое работнікаў кацельні. Зараз з імі працуюць следчыя. Устанаўліваюцца акалічнасці здарэння, а таксама прычыны і ўмовы, што спрыялі яму".

Алег Яцкевіч, начальнік Лагойскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:

"Непасрэдна кацёл размяшчаўся ў гэтым месцы. Як бачыце, работы ўжо завершаны. Папярэдняя прычына - разаграванне катла было без падачы вады, з прычыны чаго, пасля таго, як яны адкрылі падачу халоднай вады, адбыўся выбух".

Выбуховай хваляй павыбівала шыбы ў кацельні, хоць сам будынак не пацярпеў. Пабудова размешчана недалёка ад школы, таму ў момант інцыдэнту дзеці знаходзіліся ў бяспецы. Праз 3 гадзіны ў вёску Акцябр прыехала мабільная кацельня ЖКГ, якая амаль суткі забяспечвала ацяпленне школы. Пацярпелая кацельня ўжо адноўлена і працуе ў штатным рэжыме.