У Круглянскім раёне хлопец задушыў шалікам 17-гадовую дзяўчыну

12 марта 2019

Забойства ў Круглянскім раёне. Напярэдадні ў адным з нежылых дамоў  выяўлена задушанай шалікам 17-гадовая дзяўчына. Падазрэнне пала на яе сябра, які меў судзімасць за ўхіленне ад службы ў арміі.  Паводле  інфармацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама, ён быў усяго на год старэйшы за  ахвяру. Падазронага затрымалі толькі апоўначы, за 20  кіламетраў ад месца злачынства. Падчас аперацыі  былі перакрытыя ўсе дарогі, прачасаны  лясны масіў пры дапамозе службовых сабак.

Аляксандр Маскалёў, начальнік упраўлення  крымінальнага вышуку УУС Магілёўскага аблвыканкама: "Ён ужо быў у бездапаможным стане - змёрзлы. Таму што пасля ўчынення  злачынства кінуў  вопратку і стаў уцякаць. Калі яго даставілі ў  Круглянскі РАУС,   ён даў прызнальныя паказанні. Што - з-за рэўнасці. З-за таго, што дзяўчына месяц, калі ён адбываў пакаранне за ўхіленне ад воінскай службы, не даслала яму ні аднаго ліста".

Устаноўлена, што ў дзень злачынства падазроны вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі.