У КДБ пацвердзілі затрыманне кіраўнікоў буйных кампаній "Трайпл" і "Сервалюкс"

15 марта 2016

У КДБ Беларусі пацвердзілі затрыманне кіраўніка "Трайпла" Юрыя Чыжа і 15 працаўнікоў кампаніі "Сервалюкс". Паводле слоў кіраўніка камітэта Валерыя Вакульчыка, Юрый Чыж выводзіў грошы з Беларусі пасродкам фіктыўнай камерцыйнай структуры, на чале якой стаяў яго памочнік. Усяго ж па справе "Трайпла" арыштаваныя пяць чалавек, адзін затрыманы. Над гэтай справай праца ідзе ўсяго тры дні, але даказаная шкода дзяржаве ўжо перавысіла тры мільярды рублёў. Валерый Вакульчык таксама заявіў, што кіраўнік "Трайпла" ведаў, што ў кампаніі праводзяцца вобыскі, і паспрабаваў схавацца. Машыну Юрыя Чыжа, якая рухалася ў кірунку заходняй мяжы на хуткасці дзвесце дваццаць кіламетраў за гадзіну, атрымалася спыніць дзякуючы плану "Перахоп".

І сёння кіраўнік ведамства пацвердзіў затрыманне ўладальніка групы кампаній "Сервалюкс" Яўгена Баскіна. У дачыненні да кіраўніцтва ўжо ўзбуджаная крымінальная справа. Размова пра няплату падаткаў у асабліва буйным памеры.