У гучнай справе крадзяжоў з БелАЗа пастаўлена кропка

17 января 2017

Абвінавачаныя  прызнаныя вінаватымі. Такі прысуд сёння вынес суд горада Жодзіна.  Падсудных прыгаварылі да тэрмінаў пазбаўлення волі ад 3 з паловай да 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.  Аб буйным крадзяжы аўтазапчастак з завода стала вядома ў лютым мінулага года. Нагадаем, работнікі прамысловага гіганта арганізавалі злачынную групу і сталі вывозіць з тэрыторыі завода запчасткі, вузлы і агрэгаты да аўтамабільнай і кар'ернай тэхнікі. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, усяго ў злачынную схему было ўцягнута 9 чалавек. Падрабязна -  Юрый Шаўчук. 

Аб буйных крадзяжах з БелАЗа стала вядома ў лютым мінулага года. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, у злачынную групу ўвайшлі і пяцёра работнікаў прамысловага гіганта. Заручыўшыся падтрымкай сваіх памагатых з боку, яны пачалі вывозіць з тэрыторыі завода запчасткі, вузлы і агрэгаты да аўтамабільнай і кар'ернай тэхнікі.  

Паводле інфармацыі аператыўнікаў, нічога новага жулікі, якія арудавалі на БелАЗе, не прыдумалі - проста вывозілі выкрадзенае з тэрыторыі прадпрыемства. Але варта аддаць належнае, што працавала заводская групоўка зладжана і дакладна - кожны з удзельнікаў адказваў  за сваю справу. Хтосьці пры дапамозе пад'ёмнага крана грузіў запчасткі, іншыя вывозілі выкрадзенае з тэрыторыі завода,  трэція  адказвалі за далейшую транспарціроўку груза за межы краіны. Існавала нават свая сістэма аховы.

Вераніка Пасмецьева, старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ КМ МУС Беларусі: "Была створана група аховы, якая выстаўляла пасты з відэаназіраннем да некалькіх кіламетраў. Працавалі зламыснікі выключна ў начны час выхаднога дня. Для сувязі выкарыстоўвалі радыёстанцыі і мабільныя тэлефоны са зменнымі SIM-картамі".  

Выкрадзеную маёмасць зламыснікі адвозілі на спецыяльныя склады ў Жодзінскім раёне. Пасля гэтага груз з падробленымі дакументамі адпраўляўся на продаж у Расію. Паводле інфармацыі аператыўнікаў, такім чынам зламыснікі працавалі каля года. Усё ішло як па масле, пакуль справамі жодзінскай групоўкі не зацікавіліся барацьбіты з эканамічнымі злачынствамі.

Гэта відэа моманту затрымання зламыснікаў. Бралі іх з доказамі злачынства ў момант разгрузкі дэталяў. Ледзь падазроныя заўважылі аператыўнікаў, адразу паспрабавалі ўцячы. Кінуўшы груз, кампанія села ў БМВ і на поўным ходзе пратараніла кальцо з міліцэйскіх аўтамабіляў. Не дапамагла нават пагроза прымянення зброі,  толькі байцы "Алмаза" суцішылі запал адчайных уцекачоў.

Свае дзёрзкія паводзіны гэтыя людзі прадэманстравалі і сёння ў зале суда. Спачатку абвінавачаныя пачалі абражаць прадстаўнікоў прэсы і абурацца тым, што іх здымаюць. А затым сябры і сваякі падсудных, якія ўвайшлі ў памяшканне, пад усеагульнае абурэнне і зусім перагарадзілі аператарам усю карцінку. Парадак у зале навёў толькі суддзя, які ўвайшоў зачытваць прысуд. Усе 9 фігурантаў справы прызнаныя вінаватымі. 7 з іх прызнаныя вінаватымі па артыкуле "Крадзеж, учынены арганізаванай групай у асабліва буйным памеры", яны асуджаны ад 4 з паловай да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем тэрміну ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ 2 фігуранты асуджаны за саўдзельніцтва, яны атрымалі 3 з паловай і 4 гады адпаведна.  

Вадзім Лалуа, дзяржаўны абвінаваўца: "Пытанне аб суме прычыненага ўрону: выключаны выдаткі на рэалізацыю дадзенай прадукцыі, бо яна не рэалізоўвалася, сума яшчэ паменшана дзесьці на 14 %. Тут кардынальна памер прычыненага ўрону. Гэта пытанне трэба вывучыць,  прымем мы рашэнне, згодзімся мы з меркаваннем суда або не".

Канчатковая сума ўрону, прычыненага заводу, да вынясення прысуду стала меншай, чым была ў пачатку гэтай крымінальнай справы. 150 тысяч пасля канфіскацыі выкрадзеных запчастак і частковага пакрыцця ўрону скараціліся да 120 тысяч рублёў. Што тычыцца тэрмінаў, якія былі прызначаны падсудным, то яны таксама адрозніваюцца аб тых, што запрошваў дзяржабвінаваўца. На думку пракурора, арганізатараў злачыннай схемы трэба было асудзіць ад 8 да 9 гадоў пазбаўлення волі. На тое, каб абскардзіць прысуд, і ў абвінавачання, і ў абароны будзе роўна 10 сутак.