У Германіі затрымалі банду з Оршы

25 октября 2019
Ва ўпраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю падзяліліся падрабязнасцямі затрымання банды з Оршы ў Германіі. Правесці аперацыю ўдалося дзякуючы аператыўнай інфармацыі беларускіх сілавікоў. Нагадаем, у пачатку кастрычніка ў горадзе Бокенем пасля крадзяжу партыі тэлевізараў з фуры былі затрыманыя 4 жыхары Оршы. Лідарам арганізаванай групоўкі аказаўся 42-гадовы беларус. Выйсці на яго ўдалося пасля праверкі біяграфіі і асоб яго змоўшчыкаў. 

Сяргей Ванагель, намеснік начальніка аддзела ГУБАЗіК МУС Беларусі: "Звярнула ўвагу тое, што лад жыцця фігурантаў не адпавядаў іх легальным прыбыткам, а некаторыя ўдзельнікі зусім ніколі не працавалі. Пры гэтым у іх былі буйныя сумы грошай, ва ўласнасці - дарагія аўтамабілі і дамы. У выніку дакументавання іх злачыннай дзейнасці было наладжана ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі праваахоўных органаў ЕС, а таксама Еўраполам."

Вядома, што беларуская банда працавала ў Еўропе з 2016 года. Галоўнай мэтай групы былі цяжкагрузы з бытавой тэхнікай. Паводле папярэдніх даных, зламыснікі паспелі зарабіць больш як паўмільёна еўра. Падрабязнасці гэтай гісторыі глядзіце ў выніковым выпуску праграмы "Зона X", якая сёння выйдзе ў эфір у новым графічным афармленні.