У ДТЗ у Кіеўскай вобласці патрапілі беларусы

25 июля 2017

Пацярпелі 8 грамадзян нашай краіны. Пагрозы іх жыццям няма, паведамілі ў МЗС Беларусі. Усяго ў выніку сутыкнення трох аўтамабіляў траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі 9 чалавек, у іх ліку двое дзяцей. Паводле папярэдніх звестак, вадзіцель Nissan з дзяржнумарамі Беларусі выехаў на сустрэчную паласу руху, а там адбылося сутыкненне з двума легкавымі аўтамабілямі.

Герман Пузырны, прэс-сакратар пасольства Беларусі ва Украіне (па тэлефоне): "Пасольства арганізавала ўзаемадзеянне з адпаведнымі органамі Украіны па вызначэнні і шкоды, і траўм пацярпелых людзей. На гэты момант усе пацярпелыя з рознай ступені цяжкасці траўмамі знаходзяцца ў лячэбных установах Украіны. Ім аказваецца і была аказаная неабходная медыцынская дапамога. Пасольства трымае сітуацыю на кантролі".

У пасольстве Беларусі ва Украіне падкрэслілі, што на трасе Кіеў - Умань - Адэса, дзе адбылася аварыя, ідуць рамонтныя работы. Таму рух па ёй часта ўскладнены, а ад вадзіцеляў патрабуецца павышаная ўвага.