У Брэсцкай вобласці з падазрэннем на небяспечнае інфекцыйнае захворванне ў бальніцу трапілі 26 чалавек

10 ноября 2016

У Брэсцкай вобласці з падазрэннем на небяспечнае інфекцыйнае захворванне ў бальніцу трапілі 26 чалавек, сярод іх ёсць малалетнія дзеці. Прычынай такой успышкі стала дэгустацыя мяса дзіка. Стан пацыентаў урачы зараз ацэньваюць як лёгкай і сярэдняй ступені цяжару. Пачата расследаванне. Паводле папярэдняй інфармацыі, трафейнае мяса не праверылі ў ветэрынарнай службе.

Расказвае Вікторыя Патоня.

З аднолькавымі сімптомамі і падазрэннем на трыхінелёз у гарадскую бальніцу звярнуліся каля 30 чалавек, сярод іх трое дзяцей. Зараз яны знаходзяцца на лячэнні і абследаванні ў інфекцыйным аддзяленні. Але пагаварыць ні з кім з пацыентаў немагчыма, бо аддзяленне закрытае для наведванняў.

Бальніца працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Сюды і зараз паступаюць людзі з аналагічным дыягназам. Самы маленькі пацыент - двухгадовае дзіця. Урачы гавораць: клінічныя прыкметы трыхінелёзу відавочныя. Але канчатковую выснову зробяць толькі пасля сералагічнага аналізу, вынікі якога стануць вядомыя на чатырнаццаты дзень пасля абследавання.

Алена Гур, урач Баранавіцкай гарадской бальніцы: "Хворыя паступілі ў стане лёгкай і сярэдняй ступені цяжару, атрымліваюць антытропную тэрапію. Зараз ніякіх ускладненняў няма ў гэтых пацыентаў. Калі не лячыцца, могуць быць розныя ўскладненні, у тым ліку міякардыты, якія могуць заканчвацца нядобрымі наступствамі".

Нягледзячы на тое што пацыенты з пяці вёсак, усе яны сваякі і сябры. На бальнічны ложак іх прывёў выпадак. А дакладна -паляўнічы з Прыазёрнага. Мужчына падбіў дзіка і запрасіў усіх на застолле.

Як высветлілася, трафейнае мяса на праверку ў ветэрынарную службу ніхто не адвозіў. Гэтая памылка і стала прычынай маштабнага распаўсюджвання хваробы.

Сяргей Плескацэвіч, галоўны ўрач Баранавіцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі: "Пры правядзенні эпідрасследавання было высветлена, што крыніцай захворвання паслужыў дзік, які быў забіты ў верасні двума жыхарамі Баранавіцкага раёна. Жывёліна была разабраная без папярэдняй ветэрынарнай экспертызы".

Эпідэміёлагі працягваюць вызначаць кола так званых кантактных асоб. А праваахоўнікі заняліся паляўнічым. Зараз трэба высветліць, ці быў факт браканьерства.