У Бабруйску супрацоўнікі наркакантролю затрымалі прадаўца метадону

30 апреля 2018

Паводле звестак міліцыянераў, на рахунку затрыманага не толькі збыт дурманаў, але і смерць чалавека. Апошні нібы стаў кліентам наркадылера. Мужчына набыў у гандляра метадон. Але гэтая дамова для пакупніка стала апошняй. І гэта яшчэ адзін прэцэдэнт паводле артыкула аб наркотыках з фармулёўкай "дзеянні, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека". Колькі яшчэ імёнаў у спісе ў дылера, зараз высвятляюць вартавыя парадку.

З падрабязнасцямі гучнага затрымання Карына Пашкова. Верасень 2017 года, на адным з прадпрыемстваў Бабруйска быў выяўлены труп супрацоўніка. Першапачаткова прычынай смерці мужчыны назвалі ішэмічную хваробу. Пазней экспертыза паказала рэальную карціну.

Спрацавалі хутка і дакладна. На кадрах - затрыманне гандляра метадонам. Бралі збытчыка супрацоўнікі наркакантролю пры падтрымцы байцоў АМАПа ў Бабруйску.

У дачыненні да 54-гадовага прадаўца наркотыкаў на той момант была заведзена крымінальная справа паводле часткі 3 арт. 328 за збыт метадону. Падчас расследаванняў атрымалася ўстанавіць сувязь паміж затрыманым дылерам і загінуўшым ад наркотыкаў мужчынам. Аператыўнікі высветлілі, што гандляр можа мець дачыненне да злачынства, якое пацягнула смерць чалавека.

І калі паводле 3 часткі 328 артыкула магчымае пакаранне прадаўцу было да 15 гадоў пазбаўлення волі, то зараз яму пагражае больш суровае пакаранне - да 25 гадоў пазбаўлення волі.

З моманту ўваходжання ў сілу антынаркатычнага дэкрэта гэта ўжо шосты выпадак, калі заводзяць крымінальную справу паводле часткі 5 арт. 328. Нагадаем, санкцыя гэтай часткі артыкула прадугледжвае да 25 гадоў пазбаўлення волі. У цэлым для нашай краіны "Збыт наркатычных сродкаў, які пацягнуў па неасцярожнасці смерць чалавека," - артыкул досыць рэдкі. Бо беларускія праваахоўнікі ўжо даўно аб'явілі наркагандлярам сапраўдную вайну. У якой амаль штодня атрымліваюць перамогу.