У Беларусі затрыманы серыйны маньяк, які арудаваў больш за дваццаць гадоў

12 ноября 2015

Ім аказаўся грамадзянін Расіі, жыхар Санкт-Пецярбурга, імя якога пакуль не называецца. Паводле звестак следства, арудаваць злачынец пачаў яшчэ ў 1994-м, яго ахвярамі станавіліся жанчыны і непаўналетнія дзяўчынкі. Ён пагражаў нажом, гвалтаваў, а потым адбіраў каштоўнасці. Злачынствы ўчыняў уздоўж чыгункі або аўтатрас, а яго асноўнай тэрыторыяй сталі Брэсцкая і Мінская вобласці, хаця ўжо ёсць інфармацыя, што гвалтаўнік дзейнічаў у Расіі і Польшчы. Увесь гэты час ён пераязджаў з аднаго месца на другое на цягніку, замятаючы сляды. Ужо вядома пра дзясяткі ахвяр. Колькі дакладна, пакуль невядома, бо не ўсе пацярпелыя звярталіся ў міліцыю.

Больш за ўсё нападаў мужчына ўчыніў у Брэсцкай вобласці: у справе фігуруюць такія невялікія гарады, як Бяроза, Кобрын, Белаазёрск. Са слоў пацярпелых, характэрнай прыметай гвалтаўніка быў залаты зуб. Таксама падазроны насіў заручальны пярсцёнак або пячатку, мог называцца Сяргеем. Міліцыя працягвае вышук ахвяр гвалтаўніка. Тэлефоны для сувязі на вашых экранах - (017) 2185275, (029) 3911115 ці 102. Мужчыну прад'яўленыя абвінавачанні ва ўчыненні серыі згвалтаванняў.