У Беларусі з пачатку года патанулі больш як сто чалавек

11 июня 2018

У Беларусі з пачатку года патанулі больш як сто чалавек, амаль палова з іх - з надыходам цяпла. Чарговая трагедыя адбылася ў мінулыя выхадныя: вада забрала адразу тры чалавечыя жыцці, у тым ліку дваіх дзяцей 8 і 13 гадоў. Інцыдэнт адбыўся ў Мастоўскім раёне. Хлопчыкі сталі тануць і клікаць на дапамогу. Бацька аднаго з іх кінуўся ў ваду і нават падхапіў дзяцей. Але выплыць да берага не змог, і ў выніку ўсе трое пайшлі пад ваду.

Юрый Касцевіч, начальнік вадалазна-выратавальнай службы Гродзенскай абласной арганізацыі АСВОД:

"Лавілі рыбу. Дзеці адпрасіліся купацца. У раку Нёман упадае рака Шчара. Пясчаная каса. Яны сталі хадзіць па касе, і рэзкі абрыў. Пачалі абодва тануць, крычаць "Дапамажыце!", бацькі кінуліся на дапамогу. У выніку патанулі 3 чалавекі".

Мастоўскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па факце гібелі дваіх малалетніх дзяцей і мужчыны. Участак ракі, дзе адбылася трагедыя, да месцаў масавага адпачынку не належыць і не прызначаны для купання. Вядома, што мужчыны ўжывалі спіртное.