У Беларусі пастаўлена кропка ў гучнай справе

16 марта 2015

У Брэсце вынесены прысуд маці, якая жорстка збіла сваё грудное дзіця, у выніку чаго тое памерла. Артыкул, па якім абвінавачваюць жанчыну, перакваліфікавалі з замаху на забойства ў забойства. За злачынства прадугледжана пазбаўленне волі ад 8 да 25 гадоў. Якое рашэнне прыняў суд? Рэпартаж Вікторыі Патоні.

Кропка ў рэзананснай справе аб забойстве пяцімесячнага дзіцяці сёння пастаўлена тут, у будынку абласнога суда. На лаве падсудных маці, якая жорстка збіла сына да смерці. На мінулым тыдні прайшлі тры пасяджэнні, і сёння суддзя абвясціў прысуд.

У зале суда журналістаў больш, чым сваякоў. І гэта зразумела, бо падзея шакіравала не толькі жыхароў прыгранічнага Брэста.

Следства высветліла: летась напрыканцы лістапада на арандаванай кватэры 20-летняя маці нанесла немаўляці не менш за 28 цялесных пашкоджанняў. Дзіця плакала, жанчына спрабавала яго супакоіць. Але рабіла гэта бязлітасна: біла ў вобласць галавы, шыі, кідала на канапу і на ложак. Вядома, што ў той момант маладая маці была п'яная. Раніцай дзіця з пашкоджаннямі ўбачыў бацька і выклікаў хуткую. Медыкі дыягнаставалі траўму галаўнога мозгу, закрытую чэрапна-мазгавую траўму, сінякі, пералом правай плечавай косці, разрыў печані. За жыццё немаўляці ўрачы дзіцячай абласной бальніцы змагаліся пяць сутак, але дзіця не выжыла. Артыкул для абвінавачання следства перакваліфікавала з замаху на забойства ў наўмыснае забойства.

Алена Лешчанка, начальнік аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці: "Са слоў пацярпелага і сведкі, абвінавачаная любіла выпіць, пагуляць. Меў месца факт, калі яна, знаходзячыся з дзіцем у бальніцы, пакінула яго, пайшла, вярнулася ў бальніцу п'янай. Меў месца факт, калі пакінула дзіця на сваякоў, сышла, вярнулася позна вечарам п'янай. Усё гэта сведчыць аб тым, што дзіця перашкаджала ёй весці той лад жыцця, да якога яна прывыкла".

Як паказала медыка-псіхалагічная экспертыза, маці не была ў стане афекту, гэта значыць збівала немаўля свядома. Сваю віну абвінавачаная прызнала часткова. Пракуратура за злачынства патрабавала 17 гадоў пазбаўлення волі. Вывучыўшы матэрыялы справы, судовая калегія вынесла прысуд.

Ніна Герасімук, суддзя Брэсцкага абласнога суда: "Прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 15 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму".

У тэрмін адбывання пакарання будзе залічаны час знаходжання пад вартай з 22 чэрвеня 2014 года па сённяшні дзень.

Па рашэнні суда абвінавачаная павінна выплаціць мужу 100 мільёнаў рублёў кампенсацыі за маральны ўрон. Але спачатку прысуд павінен уступіць у законную сілу. На яго абскарджанне ў абароны ёсць 10 дзён.