У Баранавіцкім раёне сабака напаў на цяжарную жанчыну

2 мая 2016

Проста зверскі выпадак адбыўся ў Баранавіцкім раёне. На цяжарную жанчыну напаў сабака - пітбуль. Пацярпелая пазбавілася абедзвюх рук. Прычым, на жанчыну напаў уласны сабака, які жыў у сям'і 9 гадоў.

З месца здарэння Алена Ляшкевіч. Сяргей рыхтуецца ўпершыню стаць татам. І, як сам расказвае, лічыць тыдні да з'яўлення іх будучага дзіцяці. Заставалася менш чым дваццаць. Дзень 29 красавіка не абяцаў бяды. Мужчына позна вярнуўся дамоў. Тое, што яму давялося ўбачыць, нават уяўляць нікому не раіць.

Сабака хоць і байцовай пароды, але, гаворыць яго гаспадар, ніколі не паводзіў сябе агрэсіўна. Адзін жыў у вальеры. Другі - разам з гаспадарамі ў доме. Напаў менавіта гэты.

Сабака быў знёмы з жанчынай дзевяць гадоў. І, як гаворыць яго гаспадар, добра ладзіў з дзяўчынай. Што магло справакаваць агрэсію, можна толькі здагадвацца.

Крыху растлумачылі сітуацыю ў міліцыі. Аказалася, жанчына ў той момант не магла загнаць сабаку ў дом і ўдарыла. Гэта пацярпелая расказала міліцыянерам, калі ачуняла пасля аперацыі.

Ні крыкаў аб дапамозе, ні брэху ў той вечар мясцовыя жыхары не чулі. Суседзі таксама здзіўляюцца: надпіс на дзвярах аб тым, што ў двары злы сабака, бачылі, саміх сабак - не. Гавораць: гадаванцы заўсёды былі на здзіўленне спакойнымі.

Байцовага сабаку змясцілі на дзесяць дзён у вальер. Пасля абследавання ветэрынарамі ўжо вырашана, што сабаку ўсыпяць. Сяргей ужо даў дабро на гэта. Пакуль жывёліна паводзіць сябе спакойна. Жанчына пакуль у рэанімацыі. Яна апрытомнела. Цяжарнасць ёй пакуль захаваць удалося. Для Сяргея гэта будзе першынец, для яго нявесты трэцяе дзіця. У жанчыны дзве дачкі ад першага шлюбу.