Павялічылася колькасць пажараў на сельгаспрадпрыемствах

2 августа 2018

Падчас уборачнай кампаніі неабходна памятаць і пра бяспеку. Большасць пажараў на сельгаспрадпрыемствах адбываецца з-за парушэння дысцыпліны, адзначылі ў МНС. З пачатку года было 67 такіх надзвычайных здарэнняў. У параўнанні з мінулым, гэта колькасць павялічылася. Але колькасць знішчаных агнём будынкаў зменшылася ў 5 разоў. Падчас маніторынгу ратавальнікі праводзяць сумесныя рэйды з ДАІ. На тэхнічную спраўнасць праверана больш за 43 тысячы адзінак тэхнікі.

Дзмітрый Турчын, начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Беларусі: "Асноўныя парушэнні, якія выяўляюцца, гэта парушэнні вытворчай дысцыпліны. Гэта банальнае пакіданне непрыбранымі рабочых месцаў, дэталяў, якія труцца, што ў нас ёсць на кормаўборачнай, збожжаўборачнай тэхніцы. У тым ліку гэта парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры правядзенні агнявых работ, г.з. прымяненне абсталявання, якое не адпавядае патрабаванням завода-вытворцы на гэтае абсталяванне".

Падчас гэтай уборачнай, гавораць спецыялісты, тэмпература паветра будзе на адзін градус вышэйшай за кліматычную норму. Таксама чакаюцца кароткачасовыя ападкі ў некаторых рэгіёнах краіны. У цэлым такія ўмовы надвор’я стануць спрыяльнымі для ўраджаю.