УУС апублікавала відэа аварыі з маршрутным таксі ў Валожынскім раёне

19 октября 2018

Нагадаем, ДТЗ адбылося напярэдадні ўвечар на 74-м кіламетры трасы Мінск - Гродна. Мікрааўтобус урэзаўся ў бетонную агароджу, якая раздзяляла сустрэчныя патокі машын. Загінулі два пенсіянеры. На месцы памерла 66-гадовая жанчына. У бальніцы - 71-гадовы мужчына. Яшчэ 14 чалавек пацярпелі. Сярод тых, хто шпіталізаваны, - двое дзяцей 5-ці і 11-ці гадоў, а таксама цяжарная жанчына. Большасць з іх былі дастаўленыя ў Валожынскую раённую бальніцу. Зараз там застаюцца 10 чалавек з траўмамі рознай ступені цяжару. Двое з іх - у рэанімацыі ў цяжкім, але стабільным стане. Адзначым, на ўчастку дарогі, дзе адбылася аварыя, вядуцца рамонтныя працы.

І яшчэ адна буйная аварыя. Сёння каля шасці раніцы ў Лагойскім раёне лоб у лоб сутыкнуліся фура і мікрааўтобус. Дапамога спатрэбілася вадзіцелю "Мэрсэдэс Спрынтар" - мужчыну з салона дэблакіравалі ратавальнікі з дапамогай спецінструмента. Пацярпелага перадалі медыкам. З траўмамі рознай ступені цяжару яго адвезлі ў бальніцу. Прычыны аварыі высвятляюцца.