Трагедыяй скончылася нестандартная забава для кампаніі маладых людзей з Камянецкага раёна

11 января 2019

Напярэдадні вечарам яны дзеля забавы вырашылі пакатацца на капоце ад машыны, прывязаўшы яго да аўтамабіля. На хуткасці гэтыя "санкі" ўрэзаліся ў электрычную апору. У выніку адзін хлопец загінуў, другі ў рэанімацыі. У дачыненні да вадзіцеля - 18-гадовай дзяўчыны - узбуджана крымінальная справа. Зараз следчыя вывятляюць акалічнасці надзвычайнага здарэння.

На месца здарэння выехала і наш карэспандэнт Вікторыя Патоня.

Вечарам 10 студзеня жыхары вёскі Ратайчыцы яшчэ доўга не забудуць. Тое, што адбылося, у літаральным сэнсе ўзрушыла ціхі населены пункт. Кампанія маладых людзей у пагоні за экстрымам каталася па снежных дарогах. На хуткасці.

Маладыя людзі прывязалі стары капот ад аўтамабіля да машыны і так каталіся па вёсцы. У нейкі момант самаробныя санкі занесла, і яны ўдарыліся аб гэты электрычны слуп і шчыток. У выніку адбылася трагедыя.

Адзін хлопец 22 гадоў загінуў ад моцнага ўдару галавой, другі, непаўналетні, у рэанімацыі. За рулём аўтамабіля знаходзілася 18-гадовая дзяўчына. На металічным капоце сядзелі чатыры чалавекі, аднак не ўсім удалося саскочыць. Улад Галякевіч - сведка трагедыі. Усё адбылося побач з яго домам. Малады чалавек сябраваў з хлопцамі з гэтай кампаніі, таму сям'я адразу выбегла на дапамогу.

За жыццё 17-гадовага пацярпелага змагаюцца ўрачы. Уначы яго ў непрытомнасці са шматлікімі траўмамі даставілі ў абласную бальніцу, дзе нейрахірургі экстранна правялі аперацыю. Зараз падлетак знаходзіцца ў рэанімацыі, падключаны да апарата штучнага дыхання і знаходзіцца ў медыкаментозным сне.

Следчыя высвятляюць усе акалічнасці трагедыі, у тым ліку ці ўжывала кампанія алкаголь. Узбуджана крымінальная справа.

Зараз аўтамабіль, за рулём якога сядзела дзяўчына, капот-санкі і тросы канфіскавалі следчыя. Прызначаны шэраг судова-медыцынскіх і аўтатэхнічная экспертызы.