Напярэдадні ўвечары на стадыёне цэнтральнага спарткомплекса адбылася сустрэча паміж камандамі "Віцебск" і БАТЭ. На апошняй хвіліне матча паўночнікі забілі пераможны гол. Пад націскам радасных балелшчыкаў агароджа адной з трыбун не вытрымала і ўпала разам з фанатамі. Ёсць пацярпелыя.
Вольга Маслоўская аб тым, калі эмоцыі мацнейшыя за сталь.
Гэтую сустрэчу завуць сенсацыйнай. Сераднякі турнірнай табліцы, футбольны клуб "Віцебск", у сябе дома атрымалі перамогу над дзеючым чэмпіёнам краіны - камандай БАТЭ. Пераможны гол забіты на апошняй хвіліне. Але не ён, а падзеі ў фансектары сталі драматычнай развязкай матча. Пасля ўзяцця варот саперніка футбалісты "Віцебска" падышлі да трыбуны, каб падзякаваць балельшчыкам за падтрымку. Ахвочых паціснуць руку пераможцам было столькі, што пад іх напорам не вытрымала металічная агароджа.
Разам з парапетам уніз з двухмятровай вышыні ўпалі 14 чалавек. Першую дапамогу пацярпелым аказвалі медыкі хуткай, якія дзяжурылі на стадыёне.
Алегу Дзмітрычэнку дапамаглі ўрачы любімай каманды. За "Віцебск" ён хварэе ўжо трыццаць гадоў. Пасля ўчарашняй гульні фанат апынуўся на аперацыйным стале, але, гаворыць, што ўражання ад перамогі гэта не сапсавала.
У бальніцу са стадыёна павезлі восем балельшчыкаў. Да гэтага часу ў стацыянары застаюцца два чалавекі.
Віцебскі ЦСК вырас са стадыёна "Дынама", пабудаванага ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Пасля працяглай рэканструкцыі ў 2005 годзе комплекс атрымаў ліцэнзію УЕФА, якая дазваляе праводзіць міжнародныя матчы па футболе.
Трапіць на тэрыторыю ЦСК сёння нам не ўдалося. Спартыўная арэна закрытая, кіраўніцтва комплексу ад зносін са здымачнай групай адмовілася. Віцебскі футбольны стадыён разлічаны на 6 з паловай тысяч гледачоў. Гэта адзін з найбуйнейшых спартыўных аб'ектаў вобласці.
Устанавіць прычыны, па якіх доўгачаканая перамога гульцоў "Віцебска" ледзь не павярнулася трагедыяй, трэба будзе следчым. Па факце траўміравання балельшчыкаў ідзе праверка.
Наступны матч чэмпіяната Беларусі на стадыёне Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу пройдзе 17 чэрвеня. Апанентам гаспадароў выступіць мазырская "Славія".













