Кропка ў справе аб смяротным скачку ў Соснах будзе пастаўлена сёння

23 января 2018

Суд Заводскага раёна Мінска аб’явіць прысуд арганізатару экстрэмальнага захаплення Аляксею Нікітчанку. Пракурор запрасіў для абвінавачанага максімальна магчымы тэрмін - 3 гады калоніі. Таксама абвінавачанне просіць прызначыць бацьку загінуўшага Яўгена Лапановіча кампенсацыю - 100 тысяч рублёў.

Трагедыя здарылася летась у чэрвені. На свой дзень нараджэння Яўген Лапановіч прыехаў у Мінск з Салігорска, каб скокнуць з 70-метровай вышыні па падарункавым сертыфікаце. Паводле версіі следства, арганізатар не зафіксаваў належным чынам вяроўку, не сачыў за бяспекай канструкцыі і не выкарыстаў дадатковую страхоўку, у выніку чаго малады чалавек разбіўся на вачах у дзясяткаў відавочцаў. У судзе абвінавачаны сваю віну не прызнаў і заявіў, што гэта быў няшчасны выпадак. Арганізатару скачкоў прад'яўленыя абвінавачанні па артыкуле "Прычыненне смерці па неасцярожнасці".