Страшнае ДТЗ у Валожынскім раёне

19 октября 2018

Учора ўвечар маршрутнае таксі на высокай хуткасці ўрэзалася ў падзяляльныя бетонавыя блокі: шафёр не звярнуў увагу на звужэнне дарогі. Як вынік - два чалавекі загінулі, больш за дзясятак шпіталяваныя. Сярод пацярпелых двое дзяцей - 5 і 11 гадоў.

Падрабязнасці страшнай аварыі і стан пацярпелых - у матэрыяле Уладзіміра Каралёва. Момант страшнай аварыі патрапіў на камеры відэаназірання - насупраць знаходзіцца АЗС. За секунду да сутыкнення праязджае фура, затым моцны ўдар. Маршрутка, падмяўшы пад сябе пластыкавыя агароджы, уразаецца ў бетонавую, вышынёй з метр. Пасажыр на пярэднім сядзенні вылятае на дарогу, разбіўшы лабавое шкло. Нейкі час 71-гадовы мужчына ў шокавым стане будзе хадзіць, аглядаць месца ДТЗ, а пазней памрэ ў рэанімацыі.

ДТЗ адбылося на 74-м кіламетры трасы Мінск – Гродна. Пра тое, што тут учора адбылася страшная аварыя, гавораць разбураныя кавалкі пластыкавай агароджы, асабістыя рэчы і сляды крыві на асфальце.

Яшчэ адна ахвяра аўтакатастрофы - 66-гадовая пенсіянерка, бабуля загінула на месцы. Два дні таму на гэтым участку змянілі дарожны рух і знізілі хуткасць - да 50 км/г. Тут праходзяць рамонтныя работы, у выніку чаго - звужэнне дарогі, узбоч тая самая бетонавая агароджа. Чаму гэта не ўлічыў шафёр - галоўнае пытанне. Вадзіцелі рэгулярных маршрутаў Гродна - Мінск здзяйсняюць два рэйсы на дзень. А значыць, пра змену руху 46-гадовы жыхар Гродна, які быў за рулём "мерседэса", павінен быў ведаць, паколькі праязджаў днём гэты ўчастак. Уначы дарога тут асветленая.

Ёсць здагадка, што фура, якая праязджала міма, у момант сутыкнення асляпіла шафёра святлом фар. Але тармазны шлях 30 метраў на месцы ДТЗ абвяргае гэтую інфармацыю. Яшчэ версія - невыкананне хуткаснага рэжыму. Стрэлка спідометра засталася на адзнацы 62 км/г.

Сярод пацярпелых - 13 пасажыраў. Самаму малодшаму 5 гадоў, ёсць цяжарная жанчына. Большасць з іх былі дастаўленыя ў Валожынскую раённую бальніцу. Усю ноч дактары аказвалі экстранную дапамогу пацярпелым. Былі выкліканыя ўрачы-хірургі з Мінскай вобласці. З раніцы дапамогу аказвалі і псіхолагі. Зараз у Валожынскай бальніцы застаюцца 10 чалавек з рознымі траўмамі: пераломы, вывіхі, разрыў печані, ірваныя раны, удары, чэрапна-мазгавыя траўмы.

Двух цяжкіх пацярпелых медыкам атрымалася стабілізаваць. Яны былі дастаўленыя ў Мінск у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі для складаных аперацый. У панядзелак урачы чакаюць яшчэ аднаго пацыента.

Сітуацыя з аказаннем медыцынскай дапамогі - на асабістым кантролі ў міністра аховы здароўя. Дарожная міліцыя праводзіць праверку па гэтай аварыі.