Страшная аварыя ў Калінкавіцкім раёне забрала жыцці пяці чалавек

14 ноября 2018

На трасе міжнароднага значэння сутыкнуліся малакавоз і мікрааўтобус, усе пасажыры якога загінулі. Яго вадзіцель зараз знаходзіцца ў цяжкім стане ў мясцовай бальніцы. Да месца трагедыі адправілася Ганна Кавалёва.

Смяротнае ДТЗ здарылася тут, на трасе М10 за 5 кіламетраў ад вёскі Малыя Аўцюкі каля 11 гадзін раніцы. Менавіта ў гэты час на пульт Калінкавіцкага раённага падраздзялення МНС паступіў званок аб аварыі, ратавальнікі выехалі на месца.

Тут ужо стала зразумела: сутыкнуліся мікрааўтобус "фальксваген" і МАЗ з прычэпам. У выніку аварыі ўсе пасажыры мікрааўтобуса загінулі, непаўналетніх сярод іх не было. Целы дэблакіравалі ратавальнікі. Абодва вадзіцелі выжылі.

Дакладныя прычыны ДТЗ устанаўліваюцца, на месцы працуе следча-аператыўная група. Аб’яўлены пошук відавочцаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, вадзіцель "фальксвагена" не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з МАЗам. На колах мікрааўтобуса была летняя гума, у грузавіка - усесезонная.

Вадзіцель МАЗа не пацярпеў. Што тычыцца мужчыны, які знаходзіўся за рулём мікрааўтобуса, то ў 11:35 яго даставілі ў Калінкавіцкую цэнтральную бальніцу. У яго былі моцная страта крыві, пераломы касцей таза. Мужчыну адразу перавезлі ў аперацыйную. За яго жыццё медыкі змагаліся каля трох гадзін.

Алена Лешанок, намеснік галоўнага ўрача Калінкавіцкай ЦРБ: "Аператыўнае ўмяшанне праводзіцца з удзелам абласнога траўматолага. Пасля аперацыйнага ўмяшання пацыент будзе пераведзены ў рэанімацыйнае аддзяленне, дзе будзе праводзіцца інтэнсіўная тэрапія. Будзем спадзявацца, што стан хворага будзе стабілізаваны, але час пакажа".

Дарэчы, пра складаныя метэаралагічныя ўмовы ў Гомельскім рэгіёне сіноптыкі папярэджвалі загадзя. Аднак летняя гума ўсё ж стала прычынай шматлікіх ДТЗ. Толькі ў абласным цэнтры ў першыя гадзіны снегападу супрацоўнікі ДАІ зафіксавалі амаль 3 дзясяткі ДТЗ, у некаторых адбыліся сутыкненні адразу некалькіх машын. Загінуўшых у іх, на шчасце, няма.