Сталічныя медыкі змагаюцца за жыцці жанчын, якія атруціліся ў Барысаве

16 октября 2017

Сталічныя медыкі змагаюцца за жыцці жанчын, якія атруціліся ў Барысаве, а СК і эксперты высвятляюць прычыны здарэння. Заведзена крымінальная справа. 14 кастрычніка ў барысаўскую бальніцу прывезлі пяць працаўніц мясцовага прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы. Паводле звестак Следчага камітэта, яны выпілі вадкасць для мыцця посуду, пераблытаўшы яе са спіртным. Трох у вельмі цяжкім стане перавезлі ў Мінск, зараз яны ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Пра ўсё па парадку - Юрый Шаўчук.

Выпіць па чарачцы працаўніцы прадпрыемства "Фаўна" вырашылі пасля прапановы прыбіральшчыцы, якая прынесла з сабою бутэльку бальзаму. Як распавяла сама жанчына, яна знайшла нечую шклянку ў курыльні. Адбывалася ўсё 14 кастрычніка, таму падставу для таго, каб прапусціць па кілішачку, доўга шукаць не прыйшлося - тост паднялі за Дзень маці.

Таццяна Беланог, афіцыйны прадстаўнік СК па Мінскай вобласці: "У рамках расследавання крымінальнай справы паводле арт. 155 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ("Прычыненне цяжкага целавага пашкоджання па неасцярожнасці") Барысаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта высвятляюцца фактычныя акалічнасці і прычыны здарэння, праводзяцца допыты сведак, працаўнікоў, службовых асоб прадпрыемства".

Тое, што яны пілі відавочна не бальзам, жанчыны зразумелі адразу ж, як спустошылі кілішкі. Тры дамы адчулі імгненнае нядужанне. Ад болю ў жываце ўсе тры зваліліся на падлогу. Паколькі яшчэ дзве жанчыны выпілі крыху пазней, у іх быў час, каб штучна выклікаць ваніты і не дапусціць пападанне атруты ў страўнік.

Дык што ж пілі жанчыны? Вядома, што прадпрыемства "Фаўна" займаецца вытворчасцю рыбных прадуктаў. А там, дзе ёсць посуд, ёсць і хімічныя сродкі для яго чысткі і апрацоўкі. Што менавіта было ў бутэльцы, пасля даследавання адкажуць эксперты, але папярэдне ўстаноўлена, што жанчыны выпілі вадкасць для чысткі чанаў.

Арцём Лаўрыенка, галоўны эксперт УКСД УДКСЭ па Мінскай вобласці: "Падчас агляду месца здарэння была канфіскаваная бутэлька з астаткамі невядомай вадкасці, а таксама тэхнічнай вадкасці, прызначаныя экспертызы, па выніках правядзення якіх будзе высветлены хімсклад рэчыва, якімі атруціліся асобы".

Пасля здарэння ўсе пацярпелыя былі шпіталяваныя. Дзве пацыенткі зараз знаходзяцца ў барысаўскай бальніцы, іх стан медыкі апісваюць як сярэдне стабільны. Яшчэ трох жанчын, якія паспелі праглынуць хімраствор, адвезлі ў Мінск.

Андрэй Богдан, загаддзялення Рэспубліканскага таксікалагічнага цэнтра бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска: "Тры з пацыентак, якія былі пераведзеныя ў Рэспубліканскі таксікалагічны цэнтр, знаходзяцца ў цяжкім стане, усе яны ўскладненыя апёкамі ратаглоткі, стрававода і страўніка і першасным крывацёкам".

Вядома, што пацярпелым ад 23 да 46 гадоў. Ніхто з іх не мае алкагольнай залежнасці і ўсе характарызуюцца станоўча. Дарэчы, у гэтай гісторыі былі яшчэ дзве асобы. Акрамя прыбіральшчыцы, якая знайшла бутэльку, але сама адмовілася піць, прысутнічала яшчэ адна дама. Яна таксама адмовілася ад падазронага алкаголю. У выніку гэта выратавала жыццё не толькі ёй, але і яе калегам. Бо менавіта гэтая жанчына паспела своечасова выклікаць хуткую дапамогу.