Стала вядома аб гібелі гендырэктара "Кінавідэапракату" Юрыя Чачукевіча

28 июля 2017

Пачнем з сумнай навіны. Сёння стала вядома аб гібелі гендырэктара "Кінавідэапракату", дэпутата Мінскага гарсавета Юрыя Чачукевіча. Яго выявілі ў сталічным двары ля пад'езда, дзе і жыў загінуўшы, з прыкметамі падзення з вышыні. Вядома, што напярэдадні вечарам Юрый Чачукевіч прымаў удзел у сустрэчы адміністрацыі Савецкага раёна з мясцовымі жыхарамі. Следчы камітэт праводзіць праверку па факце смерці мужчыны. На месца здарэння выехала наша здымачная група. Падрабязнасці ў Аляксандра Камовіча.

Трагедыя адбылася сёння раніцай. Цела мужчыны знайшлі суседзі каля яго пад'езда на праспекце Дзяржынскага. Як высветлілася пазней, гэта гендырэктар "Кінавідэапракату" і дэпутат Мінскага гарадскога савета Юрый Чачукевіч. Паводле папярэдняй інфармацыі, смерць наступіла пасля падзення з 8-га паверха.

Следчая група сумесна з праваахоўнікамі прыбыла на месца каля 10-ці раніцы. Аператыўная праца на месцы трагедыі працягвалася да позняга вечара. На гэты момант звестак аб інцыдэнце мала. Пагутарыць з суседзямі загінуўшага, на жаль, не атрымалася, журналістаў не пусцілі ў пад'езд, у якім знаходзіцца кватэра загінуўшага. Вядома, што ён пражываў на 8-м паверсе, адкуль меркавана і ўпаў. Па факце гібелі дэпутата праводзіцца праверка.

Юлія Ганчарова, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі:

"Зараз агляд працягваецца, спецыялісты Дзяржкамітэта судовых экспертыз, міліцыі ўсебакова вывучаюць усе акалічнасці здарэння. Уся іншая інфармацыя будзе дадзена дадаткова. Па целе загінуўшага прызначана судова-медыцынская экспертыза для ўсталявання дакладнай прычыны смерці".

З біяграфіі дэпутата вядома, што ён скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, а пазней і магістратуру ВНУ. Сваю палітычную дзейнасць Юрый Чачукевіч пачаў у 23 гады, стаўшы дэпутатам Мінгарсавета. Акрамя таго, у снежні мінулага года ён быў прызначаны на пасаду генеральнага дырэктара "Кінавідэапракату". На гэтай пасадзе ён шмат паспеў зрабіць, напрыклад, паказваць кіно пад адкрытым небам. Гэтым летам на вуліцы Зыбіцкай у выхадныя дні дэманстравалі бясплатна фільмы розных краін. І калі пра асабістае жыццё Юрыя Чачукевіча было вядома мала - не жанаты, дзяцей няма, то вось сацыяльна-грамадская была на віду. Як дэпутат Чачукевіч меў актыўныя зносіны са сваімі выбаршчыкамі. Загінуўшаму было 35 гадоў.

Зараз на месцы здарэння працягвае працаваць следчая група, судмедэксперты і супрацоўнікі міліцыі. Яны апытваюць родных, знаёмых і суседзяў загінуўшага. Пакуль аб прычынах трагедыі гаварыць рана. Следства адпрацоўвае ўсе версіі.