Сталі вядомыя падрабязнасці спынення буйнамаштабнай карупцыі ў сферы аховы здароўя

25 июня 2018

Камітэт дзяржбяспекі апублікаваў выяўленыя факты хабарніцтва пры закупках лекаў і медабсталявання. Паводле звестак КДБ, пастаўкі медыцынскіх прэпаратаў і тэхнікі ішлі праз ланцужок шматлікіх фірм, звязаных са службовымі асобамі, а добрасумленныя пастаўшчыкі не заўсёды дапускаліся да працы. У выніку кошт і лекаў, і абсталявання завышаўся да 60 %, а ў асобных выпадках - удвая. Розніца ішла ў кішэню карупцыянераў. Затрыманы больш за 50 чалавек, 33 з іх - службовыя асобы.

Валерый Вакульчык, Старшыня Камітэта дзяржбяспекі Беларусі:

"Службовыя асобы сістэмы аховы здароўя атрымлівалі хабары за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў іх кампетэнцыю. Разавыя незаконныя грашовыя ўзнагароды даходзілі да 10 000 долараў ЗША, а асобным службовым асобам - да 350 000 долараў ЗША за адзін раз. За ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 430 "Атрыманне хабару", 431 "Дача хабару" і 243 "Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў" Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, затрыманы, узяты пад варту, а таксама прыменены іншыя меры стрымання ў дачыненні да 33 службовых асоб, а ўсяго больш за 50. Фактычна ўсе яны віну прызналі, супрацоўнічаюць са следствам".

Сярод затрыманых за сістэматычнае атрыманне хабараў дырэктар Белмедтэхнікі Аляксандр Шарак. На вашых экранах - кадры вобыску ў яго гаражы. Там у тайніку выяўлены наяўныя на суму больш за 620 тысяч долараў. Таксама затрыманы дырэктар Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў; начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак, а таксама начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. У выніку вобыскаў і добраахвотнага пакрыцця ўрону ў даход дзяржавы ўжо паступіла больш за 15 мільёнаў долараў. Аператыўна-вышуковыя і следчыя дзеянні працягваюцца. Падрабязнасці гучнай крымінальнай справы - сёння ў "Панараме".