Стала вядомая прычына ДТЗ з беларускім аўтобусам

9 июля 2018

Новыя звесткі прыходзяць з Румыніі. Стала вядомая прычына ДТЗ з беларускім аўтобусам. Паводле слоў вадзіцеля, у кола патрапіў камень, транспарт павяло і заваліла на бок ужо на абочыне. Хуткасць была невялікая - каля 60 км за гадзіну, таму ахвяр атрымалася пазбегнуць. Нагадаем, інцыдэнт адбыўся ўчора ўвечар недалёка ад горада Сучава. У аўтобусе знаходзіліся 43 дзіцяці ад 11 да 16 гадоў з Гомельскай вобласці, у асноўным Рагачова і Жлобіна, а таксама суправаджальнікі і шафёры. Пагрозы жыццю і здароўю пацярпелых няма.

Уладзімір Каранец, часовы павераны ў справах Беларусі ў Румыніі (па тэлефоне): "19 чалавек былі накіраваныя ў бальніцу ў горадзе Сучава для правядзення дадатковага абследавання і аналізаў. Але ўжо дзесьці да гадзіны ночы ўсе 19 чалавек, 17 з якіх дзеці, былі выпісаныя. І траўм, які пагражалі б жыццю беларускіх грамадзян, не выяўлена. Зафіксаваныя невялікія пашкоджанні: драпіны, ранкі, удары, - але ўвогуле ўсе пачуваюцца добра, усё ў парадку. Прынята рашэнне працягнуць паездку да месца адпачынку ў Балгарыю. Учора ўначы з Мінска выехаў аўтобус, таму што той аўтобус, на якім ехала група, не можа далей ехаць. Зараз група працягвае заставацца ў гасцініцы, пададзенай румынскім бокам, недалёка ад горада Сучава. Чакаюць прыбыцця аўтобуса і паедуць далей у Балгарыю".

У мінскай турфірме нашаму агенцтву падкрэслілі, што на адпачынак адправяцца ўсе дзеці. Іх адпачынак падоўжаць на адзін дзень.