Стан пацярпелай настаўніцы ўрачы ацэньваюць як стабільна цяжкі

24 мая 2016

Настаўніца, пацярпелая ад нападу школьніка, ачуняла. Сёння следчыя паспрабуюць правесці допыт настаўніцы сталічнай гімназіі. Як мы паведамлялі раней, яна прааперыраваная і знаходзіцца ў бальніцы. Яе стан урачы ацэньваюць як стабільна цяжкі. Таксама праваахоўнікі правядуць следчыя дзеянні з затрыманым дзевяцікласнікам. Менавіта ён падазраецца ў замаху на забойства свайго настаўніка. Нагадаем, у панядзелак раніцай жанчына атрымала раненне ў шыю нейкім вострым прадметам. Ад чаго адбыўся напад, школьнік пакуль не прызнаўся, таксама не знойдзеная прылада злачынства. Вядома, што пацярпелай 57 гадоў, яна выкладала рускую мову і літаратуру. Сёння заняткі ў навучальнай установе працягнуліся ў штатным рэжыме.

Сяргей Кабаковіч, начальнік прэс-службы Следчага камітэта Беларусі: "Неабходна абвергнуць тую інфармацыю, якая зараз з'яўляецца ў Сетцы на розных інфармрэсурсах аб тым, што было некалькі чалавек, якія нібы спрабавалі ўтрымліваць настаўніка. Факт устаноўлены аб тым, што ў кабінеце яны знаходзіліся ўдвух, што гэта адбывалася да 8:30 раніцы і што пасля здарэння настаўніца тэлефанавала сваёй дачцэ аб тым, што малады чалавек нанёс ёй некалькі ўдараў па шыі. Пра тое, што хтосьці ламаў дзверы ў кабінет, забягаў з сякерай, каб кагосьці вызваліць, што група школьнікаў знаходзілася ў кабінеце, не ёсць праўдзівая інфармацыя".

У Следчым камітэце паведамляюць, што затрыманы школьнік з уладкаванай сям'і, не стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, добра вучыўся. Падрабязнасці гэтай гучнай справы глядзіце сёння ўвечар у эфіры "Панарамы".