Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу з прычыны надзвычайнага здарэння ў Горках

5 мая 2015

Напярэдадні там з-за здарэння з батутам 9 дзяцей апынуліся ў бальніцы. Чаму горка перавярнулася, зараз высвятляецца. Ужо вядома, што канструкцыя, мяркуючы па ўсім, не была замацаваная належным чынам. Зараз стан пацярпелых малых стабільны. Хто за гэта адкажа, - разбіралася Аляксандра Штэмплеўская.

Манеж накрыў малых проста на вачах у бацькоў. У гэты час на атракцыёнах гулялі 9 дзяцей. За секунду смех змянілі плач, паніка і крыкі родных.

Надзвычайнае здарэнне адбылося ў панядзелак увечар. Калі б здарылася ўсё на выхадных - пацярпелых было б куды больш. Удары і пераломы - такія ўражанні пакінуў маленькім наведвальнікам гэты сеанс. Трое з іх трапілі ў хірургію, астатнія шэсць ляжаць у дзіцячай бальніцы. Малодшаму - усяго два з паловай года.

У прычынах надзвычайнага здарэння з учарашняга дня разбіраліся следчыя. Імаверна, моцны парыў ветру стаў толькі спускавым кручком. Бо на пляцоўцы не знайшлі слядоў мацавання батутаў. Таму і калкі, і зямлю адправілі ў лабараторыю. Зрэшты, як і ўсе іншыя часткі канструкцыі. Усяго правядуць 9 экспертыз.

Упершыню стандарт на надзіманыя атракцыёны ў Беларусі ўвялі ў 2012 годзе. Паводле дакумента, кожны такі батут павінен мець не меней за 6 кропак мацавання. Гэта як раз той пункт, з-за якога магчыма ўсё і здарылася. Паведамляецца, што нешчаслівую горку прыватнік прывёз з Расіі. Ці праходзіла яна нейкія этапы праверкі, пакуль не вядома.

Расказаць пра гэта пакуль можа толькі гаспадар манежа. Жыхар Быхава зараз затрыманы. Па факце неналежнага выканання паслуг узбуджана крымінальная справа.

Гэта не першы выпадак, калі трагедыі ў Беларусі адбываюцца менавіта на такіх перасовачных пляцоўках. Колькі іх яшчэ, няўлічаных, запрашаюць дзяцей весела бавіць час, не вядома. Зараз з тымі, для каго манеж у Горках за секунду стаў экстрымальным, працуюць псіхолагі.