Уначы на цукровым камбінаце адбылася ўспышка пылапаветранай сумесі - прагрымеў выбух. Экстранная шпіталізацыя спатрэбілася пецярым работніцам прадпрыемства. Іх даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы хуткай дапамогі горада Гродна. Паводле апошняй інфармацыі, трох пацярпелых тэрмінова пераводзяць у Мінск. Узбуджана крымінальная справа. Усе падрабязнасці з месца здарэння ў рэпартажы Дзмітрыя Смірнова.
Надзвычайнае здарэнне на прадпрыемстве адбылося ўначы. Выбух пашкодзіў цэх упакоўкі і фасоўкі прадукцыі. Дэфармаваная шахта ліфта. Пяць работніц камбіната знаходзяцца ў рэанімацыі Гродзенскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. На месцы працягвае працаваць экспертная група Следчага камітэта.
Прычыны здарэння і нават версіі следчыя пакуль не называлі. Але крымінальная справа ўзбуджана па факце службовай халатнасці. Вядома, што ўспышка пылапаветранай сумесі адбылася ў галерэі, што звязвае цэх і ліфтавую вежу. Зараз тэхналагічны працэс на прадпрыемстве прыпынены.
Сяргей Шаршаневіч, афіцыйны прадстаўнік УСК Беларусі па Гродзенскай вобласці: "Плануецца правядзенне шэрагу тэхнічных і спецыяльны экспертыз. Акрамя таго, прымаюцца меры для вызначэння ўрону, прычыненага прадпрыемству".
Следчыя разам з ратавальнікамі працуюць на месцы надзвычайнага здарэння фактычна з мінулай ночы. Сёння днём эксперты правялі падрабязны агляд месца здарэння.
Сяргей Шаршаневіч, афіцыйны прадстаўнік УСК Беларусі па Гродзенскай вобласці: "З мэтай высвятлення фактычных акалічнасцяў здарэння, у тым ліку прычын, дапытваюцца кіраўнікі, работнікі прадпрыемства. Канфіскаваная дакументацыя па ахове працы і тэхніцы бяспекі, а таксама тэхналагічная дакументацыя па цэху".
Як сведчаць відавочцы, успышка на камбінаце адбылася амаль у гадзіну ночы. Першая брыгада медыкаў прыехала на месца на працягу некалькіх хвілін пасля гэтага. Яшчэ два рэанімабілі прыбылі з абласнога цэнтра. Усіх пацярпелых дастаўлялі ў Гродзенскую бальніцу хуткай дапамогі.
Андрэй Стрыжак, начальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама: "Стан усіх пацыентаў цяжкі. Апёкі цела ад 50% і больш. Плюс баратраўма. Неабходныя медыкаменты, растворы - усё гэта ёсць, таму мы прыкладзем усе неабходныя намаганні для таго, каб выратаваць жыцці гэтых пацярпелых".
Сёння ж у гродзенскую клініку прыбыла каманда мінскіх урачоў – апёкавы хірург і рэаніматолаг. Разам з калегамі яны правялі пашыраны кансіліум. Было прынята рашэнне аператыўна перавезці трох пацярпелых у сталічны апёкавы цэнтр.
Дзве пацыенткі ўсё яшчэ застаюцца ў рэанімацыі ў Гродне. Па словах урачоў, калі іх стан стабілізуецца, магчыма, жанчын таксама перавязуць у сталічную клініку.













