Следчыя працягваюць высвятляць падрабязнасці ранішняй аварыі пад Мінскам

1 августа 2016

На 33 кіламетры трасы Р28 сутыкнуліся "Рэно" і "Мазда". У другім аўтамабілі ехалі пяцёра. 21-гадовы вадзіцель і 19-гадовая пасажырка загінулі на месцы. Іх целы з машыны даставалі ратавальнікі. Паводле інфармацыі відавочцаў, адбылося лабавое сутыкненне. Аднак што стала прычынай, пакуль невядома. Рух на ўчастку дарогі каля Лініі Сталіна быў поўнасцю паралізаваны. Каб зладзіцца са шматкіламетровым заторам, інспектарам прыйшлося прапускаць аўтамабілі на трасе па чарзе.

Аляксандр Сцяпанаў, старшы эксперт Мінскага міжраённага аддзела дзяржкамітэта судовых экспертыз Беларусі: "Зараз на месцы ДТЗ у складзе следча-аператыўнай групы працуе следчы, у тым ліку і спецыялісты ДКСЭ па Мінскай вобласці, пасля заканчэння агляду будзе прызначаны шэраг экспертных даследаванняў, падчас якіх будуць дадзеныя адказы на пастаўленыя пытанні, у тым ліку аб прычынах і акалічнасцях ДТЗ".

У выніку аварыі траўмы атрымалі і трое пасажыраў аўтамабіля "Мазда", а таксама 35-гадовы вадзіцель "Рэно". Яны дастаўленыя ў бальніцу.