СК узбудзіў крымінальную справу па факце гібелі салдата тэрміновай службы

4 апреля 2018

Вайсковец тэрміновай службы загінуў падчас планавых заняткаў па агнявой падрыхтоўцы. Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па факце гібелі салдата ў 120-й асобнай механізаванай брыгадзе. Паводле інфармацыі ваеннага ведамства, сёння падчас планавых заняткаў экіпаж БМП парушыў меры бяспекі пры ўзбраенні баявой машыны. У выніку старшы механік-вадзіцель, радавы Дзмітрый Удод, атрымаў агнястрэльнае раненне, несумяшчальнае з жыццём. Сітуацыю на месцы здарэння нашаму каналу пракаменціраваў камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання.

Аляксандр Вальфовіч, камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Беларусі: "Міністэрства абароны і камандаванне войскаў Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання выказвае глыбокія спачуванні маме, бацьку і ўсім родным і блізкім Дзмітрыя, акажа ім усебаковую падтрымку і неабходную дапамогу. Усе прычыны будуць дасканала вывучаныя. Вінаватыя ў дадзеным здарэнні будуць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь".

На месцы інцыдэнту працуе Следчы камітэт. Камісію па расследаванні акалічнасцяў і прычын здарэння ад ваеннага ведамства ўзначальвае намеснік міністра абароны.