СК пракаменціраваў сітуацыю вакол здарэння ў Пячах

13 октября 2017

Сітуацыю вакол здарэння ў Пячах пракаменціраваў і Следчы камітэт. У ведамстве агучылі тры асноўныя версіі здарэння: забойства, давядзенне да самазабойства і самазабойства. Прадстаўнік Следчага камітэта распавёў, што, зыходзячы са сведчанняў вайскоўцаў тэрміновай службы, высветлілася, што паводзіны Аляксандра Коржыча змяніліся з верасня. Вядома, што напярэдадні трагедыі загінуўшы скардзіўся на стан здароўя, але думак аб суіцыдзе не выказваў.

Сяргей Кабаковіч, афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі: "Усталявана, што з 17 верасня Коржыч знаходзіўся ў медчасці з вострай рэспіраторнай інфекцыяй і выпісаны 26 верасня. Пасля гэтага яго суправадзіў вайсковец у медпункт №1. Звестак аб далейшым месцазнаходжанні Коржыча да выяўлення трупа няма. Дадзеная інфармацыя ўстанаўліваецца следствам. Падчас папярэдняга расследавання па крымінальнай справе разглядаюцца наступныя версіі: давядзенне да самазабойства вайскоўца Коржыча з-за нестатутных адносін, насілля, здзекаў, вымагання або адабрання ў яго прадметаў асабістага ўжывання; забойства радавога па матывах асабістых непрыязных адносін з карыслівых мэт з-за ўладання інфармацыяй, якая кампраметуе іншых вайскоўцаў; самазабойства Коржыча з-за псіхалагічнай траўмы, нежадання працягваць службу ва Узброеных Сілах, а таксама адмовы камісавання яго".

Таксама ў Следчым камітэце паведамілі, што па справе былі дапытаны два дзясяткі салдат, якія праходзілі службу ў гэтай часці. Зыходзячы са сведчанняў, следства прыйшло да высновы, што з боку камандзіра аддзялення мелі месца факты злоўжывання ўладай.

Сяргей Кабаковіч, афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі: "Гэта выяўлялася ў прыняцці грошай ад вайскоўцаў тэрміновай службы за неабмежаванае па часе карыстанне мабільнымі ў парушэнне ўсталяванага парадку. Сумы пабораў з кожнага вагаліся ад 20 да 40 рублёў. Сяржант Б. і сяржант С., якія ўжо згадваліся ў СМІ, прызнаныя падазронымі па крымінальнай справе. Акрамя таго, прынята рашэнне аб узруджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да старшыны роты, прапаршчыка, які, злоўжываючы даверам, з ліпеня па верасень выкраў з банкаўскай карты Коржыча грошы на суму не менш за 150 рублёў. Пры гэтым рабіў плацяжы ў асабістых мэтах у магазінах і кафэ Барысава. Яго дзеянні кваліфікаваныя па артыкуле 209 КК "Махлярства". З яго ўдзелам праводзяцца следчыя дзеянні. Плануецца затрыманне ў якасці падазронага".

Следчыя працягваюць апытваць сведак, сяброў і блізкіх салдата, з кім ён меў зносіны апошні час. Прызначаны шэраг экспертыз.