Сур'ёзная аварыя адбылася ўчора на трасе Мінск - Віцебск

12 февраля 2016

Сур'ёзная аварыя адбылася ўчора ўвечар на трасе Мінск - Віцебск за другім з'ездам на Бараўляны. Паводле папярэдніх звестак ДАІ, маршрутку Volkswagen LT панесла, і яна апынулася на сустрэчнай паласе, дзе сутыкнулася спачатку з Ford Escort, а потым з фурай і перакулілася. Адзін чалавек загінуў на месцы здарэння, яшчэ 10 чалавек былі дастаўленыя ў бальніцу. Чацвярых пацярпелых пасля аказання дапамогі медыкі ўжо адпусцілі дахаты. Двое пакуль знаходзяцца ў рэанімацыі.

Падрабязнасці ў Аляксандра Савенкі. Два чалавекі, пацярпелых учора ў аварыі на трасе Мінск - Віцебск, па-ранейшаму знаходзяцца ў рэанімацыі. Гэта 43-гадовы вадзіцель маршрутнага таксі і 41-гадовая пасажырка. Яшчэ чатыры чалавекі праходзяць курс лячэння ў аддзяленнях нейрахірургіі і траўматалогіі - іх стан медыкі ацэньваюць як стабільны. Асноўныя траўмы - гэта пераломы і рваныя раны. Усяго ўчора ў Мінскую абласную клінічную бальніцу патрапілі 10 чалавек. Пасля агляду медыкі адпусцілі чатыры чалавекі на амбулаторнае лячэнне.

Аварыя, у якой загінуў адзін чалавек і яшчэ 10 пацярпелі, адбылася ўчора ўвечар на ўездзе ў сталіцу з віцебскай шашы каля пасёлка Бараўляны. Паводле папярэдніх звестак ДАІ, маршрутка Volkswagen, якая рухалася ў кірунку сталіцы, вылецела на сустрэчную паласу, дзе сутыкнулася спачатку з Ford Escort, а потым з фурай МАН і перакулілася.

Згодна з апошняй інфармацыяй, у аварыі загінуў заслужаны працаўнік фізічнай культуры Расіі, чэмпіён па вольнай барацьбе Валерый Керамясаў. У беларускай сталіцы ён займаўся падрыхтоўкай да міжнароднага турніру імя Аляксандра Мядзведзя.

Самай малодшай з пацярпелых - 16 гадоў, дзяўчына знаходзілася ў салоне легкавога "Форда". Большасць пацярпелых - мінчане і жыхары Віцебскага рэгіёна. СК узбудзіў крымінальную справу па факце гібелі чалавека ў ДТЗ.

Зараз інспектары ДАІ схіляюцца да таго, што галоўнай прычынай аварыі магла стаць слізкая дарога. Аднак больш дакладна можна будзе сказаць пасля правядзення экспертыз. СК працягвае расследаванне.