Сёння суд Брэсцкага раёна паставіў кропку ў гучнай справе забойства таксіста

4 января 2018

Сёння суд Брэсцкага раёна паставіў кропку ў гучнай справе забойства 35-гадовага таксіста. На лаве падсудных трое фігурантаў.

Адзін з іх жыхар Брэсцкага раёна, двое непрацуючых з Ліды. У красавіку 2017 года яны з асаблівай жорсткасцю забілі чалавека, выкралі аўтамабіль. Пацярпеламу было нанесена 57 цялесных пашкоджанняў. Каб схаваць сляды злачынства, абвінавачаныя спалілі апазнавальныя знакі таксі, пашпарт і вадзіцельскае пасведчанне загінуўшага. Суд прызнаў усіх траіх вінаватымі ў забойстве, разбоі і крадзяжы асабістых рэчаў.

Падсудныя атрымалі тэрміны ад 23 да 25 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй. Родныя таксіста, які загінуў, з прыгаворам не згодныя. Яны патрабавалі выключную меру пакарання. Прыгавор можа быць абскарджаны.