Сёння ноччу ў Наваполацку адбыўся прарыў трубаправода гарачага водазабеспячэння

16 марта 2017

Дыяметр пашкоджанага ўчастка трубы - 219 міліметраў. Такая інфармацыя паступіла ад начальніка змены Наваполацкай ЦЭЦ. У выніку здарэння без ацяплення і гарачай вады засталіся 12 шматкватэрных дамоў (гэта 3 з паловай тысячы чалавек), а таксама дзіцячы сад, школа, басейн і Полацкі дзяржуніверсітэт.

Андрэй Касовіч, начальнік цэнтральнай дыспетчарскай службы РУП "Віцебскэнерга": "Былі выкліканы рамонтныя брыгады, тэхніка. Прычына ўжо вядомая. Гэта вонкавая карозія металу. Трубаправод ужо даволі стары, 72 года выпуску. У нас распрацаваны праект па яго замене. Я спадзяюся, што сёлета мы яго ўжо заменім. Хоць выпрабаванні гідраўлічныя гэты ўчастак праходзіў паспяхова".

Да гэтага часу цеплазабеспячэнне ў горадзе спецыялісты ўжо аднавілі. Прыбіраецца сумежная тэрыторыя.