Сёння пачнецца крымінальны працэс па наркасіндыкаце "Пірэнейскі залом"

17 июля 2018

Крымінальны працэс па наркасіндыкаце "Пірэнейскі залом" пачнецца сёння ў судзе Гродзенскага раёна. На лаўцы падсудных - двое беларусаў. Яны вінавацяцца ў стварэнні злачыннай арганізацыі і наркагандлі. Нагадаем, аб затрыманні ў Мастоўскім раёне 40 кілаграмаў гашышу стала вядома ў чэрвені мінулага года. А ўжо ў маі гэтага нашы спецслужбы расказвалі, што гэта была толькі частка вялікай спецаперацыі пад назвай "Пірэнейскі залом". Тады сталі вядомыя падрабязнасці па выяўленні і ліквідацыі буйнога наркаканала і міжнароднай злачыннай арганізацыі, якую назвалі галоўным антынаркатычным расследаваннем дзесяцігоддзя ў Еўропе.

Падчас спецаперацыі былі затрыманыя каля 20-ці чалавек у некалькіх еўрапейскіх краінах. Агульная вага канфіскаваных наркотыкаў - больш за 800 кілаграмаў. Закупляўся гашыш у Марока і па моры перапраўляўся ў Іспанію. Там тавар падзялялі на драбнейшыя партыі, пакавалі ў схованкі машын. Пасля чаго наркотыкі траплялі ў Расію, а затым у Беларусь.