Расследаванне крымінальнай справы па факце крушэння гідрасамалёта-амфібіі ў Браслаўскім раёне працягваецца

29 августа 2016

Працягваецца расследаванне крымінальнай справы па факце крушэння гідрасамалёта-амфібіі Че-23М у Браслаўскім раёне. Здарэнне адбылося вечарам у субботу, 27 жніўня. На борце паветранага судна знаходзіліся тры чалавекі. Адзін загінуў. Двое з рознымі траўмамі шпіталізаваны. Акалічнасці аварыі высвятляюць спецыялісты Галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі. Падрабязнасці ў рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

Урочышча Лікуці на беразе возера Снуды. Аб выратавальнай аперацыі, якая разгарнулася пасля падзення гідрасамалёта, нагадваюць сляды велікагрузнай тэхнікі і высечаныя дрэвы.

Гэта месца крушэння самалёта. Яно ўжо дэталёва вывучана крыміналістамі, таму абломкі паветранага судна прыбралі. Мяркуюць, што аварыя адбылася ў момант пасадкі. Да вады гідраплан не дацягнуў усяго некалькі дзясяткаў метраў.

У кабіне самалёта знаходзіліся тры чалавекі. 56-гадовы жыхар Мінска загінуў. Жыхарка Ліды 87-га года нараджэння і 49-гадовы жыхар Барысава з рознымі траўмамі дастаўлены ў Браслаўскую раённую бальніцу.

Пацярпелых ужо апыталі следчыя. Адзін з іх - лётчык грамадзянскай авіяцыі. Але, як падкрэсліваюць у Следчым камітэце, гэта не азначае, што менавіта ён быў за штурвалам. Гэтая акалічнасць, як і тое, што з'явілася прычынай аварыі, яшчэ трэба будзе высветліць.

Пацярпелы крушэнне гідрасамалёт належаў загінуўшаму мінчаніну. Мужчына быў індывідуальным прадпрымальнікам. Сам самалёт зарэгістраваны ў Рэспубліканскім грамадскім аб'яднанні аматараў авіяцыі, уладальнікаў паветраных суднаў і пілотаў.

Самалёт-амфібія Че-23М прызначаны для марскога і рачнога патрулявання, перавозкі людзей і багажу. Разлічаны на аднаго пілота і двух пасажыраў. Развівае ў сярэднім хуткасць 190 км за гадзіну. Здольны прызямляцца на паверхню вадаёма з глыбінёй ад 50 сантыметраў і даўжынёй ад 200 метраў.

Што перашкодзіла паспяховай пасадцы гэтым разам - чалавечы фактар або тэхнічная няспраўнасць самалёта - зараз высвятляе следства.