Пятыя суткі ў Бешанковіцкім раёне ідуць пошукі 76-гадовай жанчыны з Віцебска

4 октября 2016

Яшчэ ў пятніцу яна адправілася ў лес па грыбы і дагэтуль не вярнулася. За апошнія некалькі дзён дапамога ратавальнікаў спатрэбілася адразу некалькім грыбнікам. Каб ціхае паляванне не абвінулася школай выжывання, спецыялісты раяць: спачатку вывучыць карту мясцовасці і абавязкова ўзяць з сабою запалкі і зараджаны мабільны тэлефон. Гэтыя, здавалася б, простыя рэчы здольныя выратаваць жыццё - упэўнілася Вольга Маслоўская.

Пошукі пажылой жанчыны ідуць пятыя суткі. Ратавальнікі, супрацоўнікі міліцыі, салдаты-тэрміновікі - штодня лес прачэсваюць паўсотні чалавек. Дапамагаюць жыхары вёскі.

Восенню мінулага года тут знікла жанчына. Яе не знайшлі дагэтуль. Але ў гэтай выратавальнай аперацыі ніхто надзею не страчвае. Шукаюць з паветра. Зверху лес абследуюць з дапамогай верталёта і квадракоптара.

Па грыбы жанчына адправілася ў гэты лес. Масіў паблізу ад вёскі Голыні вялізны. Яго плошча больш за 25 квадратных кіламетраў. З сабою пенсіянерка ўзяла толькі нож і вядро.

Паводле слоў родных, па грыбы яна збіралася на гадзіну-другую. Таму пакінула дома мабільны тэлефон і лекі ад высокага ціску.

А заядлы ягаднік Сяргей Парсюкевіч з жонкай толькі цудам пазбеглі начлегу на балоце. Сабралі літраў 20 журавін, а выйсці да машыны не змаглі. Ногі ў Сяргея звяло сутаргай. Зарадкі на тэлефоне заставалася ўсяго 15 працэнтаў. Гэтага ледзь хапіла, каб выклікаць ратавальнікаў і падказваць арыенціры.

Выратаваны ягаднік адправіў у аддзел МНС падзяку. Гаворыць, у лес яшчэ пойдзе, але толькі ў добра вывучаны.

А пошукі пажылой жанчыны ў Бешанковіцкім раёне працягваюцца.