Працягваецца ліквідацыя аварыі на Прыбугскім падземным сховішчы газу ў Камянецкім раёне

28 ноября 2016

Падчас рамонтных работ тут адбылася разгерметызацыя адной свідравіны. У выніку з-пад зямлі вырваўся фантан газа-вадзяной сумесі. Месца здарэння ачэпленае, доступ староннім забаронены. Задзейнічаныя некалькі пажарных разлікаў, спецыялісты газавай службы. Падраздзяленні МНС не дапушчаюць узгарання метану. З Гомельскай вобласці прыбыў атрад з 29 чалавек, якія ліквідуюць падобныя аварыі. Зараз спецыялісты працуюць над паніжэннем ціску ў свідравіне, каб яе закрыць. Пацярпелых няма.

Віктар Сакоўскі, старшыня Брэсцкай абласной камісіі па надзвычайных сітуацыях: "Была арганізаваная падача вады для таго, каб абеззаражваць газ, які выходзіць. На працягу дзвюх гадзін ажыццяўляюцца замеры канцэнтрацыі газу метану ў атмасферы. Ні адзін з замераў не паказаў перавышэння. Сітуацыя па якасці паветра застаецца ў норме. Ніякай пагрозы для тэрыторый побач і пагрозы нейкага надзвычайнага здарэння няма".

Прыбугскае падземнае сховішча газу з'яўляецца другім па велічыні ў Беларусі. Газ захоўваецца ў вадапомпавых пластах. Спецыялісты не выключаюць, што прычына аварыі - чалавечы фактар.