Прысуд па справе радавога Аляксандра Коржыча аб’явяць у найбліжэйшы час

5 ноября 2018

З хвіліны на хвіліну ў будынку суда Маскоўскага раёна пачнуць зачытваць прысуд па гэтым гучным працэсе. На месцы працуе наша наш карэспандэнт Юрый Шаўчук (прамое ўключэнне).

Пасяджэнне ўжо пачалося. Зараз у зале суда працуе мой калега Аляксандр Камовіч. Таксама на прысуд прыйшлі дзясяткі журналістаў, сотні салдат, маці і бабуля загінуўшага салдата.

Пакуль нагадаю, што абвінавачаныя - гэта сяржанты вучэбнага цэнтра ў Пячах, дзе ў кастрычніку мінулага года загінуў салдат тэрміновай службы Аляксандр Коржыч. Адзначу, што пракурор запатрабаваў для Яўгена Бараноўскага 9 гадоў, 7 гадоў для Антона Вяжэвіча і 6 для Ягора Скуратовіча. Гэта за атрыманне хабару, перавышэнне службовых паўнамоцтваў, што прывяло да цяжкіх наступстваў – гібелі салдата. Плюс Яўгена Бараноўскага абвінавачваюць яшчэ і ў крадзяжы. Дадам, што падчас апошняга слова Бараноўскі прызнаў сваю віну, але адмаўляў, што мае дачыненне да давядзення да самазабойства Коржыча. Такімі ж практычна былі словы і Скуратовіча. У той жа час Антон Вяжэвіч сказаў, што віну прызнае і шчыра раскайваецца, прыносіць прабачэнні ўсім пацярпелым, асабліва Святлане Коржыч - маці Аляксандра.

Якім будзе прысуд, даведаемся ўжо ў найбліжэйшы час. Падрабязнасці вердыкта Феміды, а таксама каментарыі дзяржабвінаваўцы і маці загінуўшага салдата пакажам сёння ў "Панараме".