Прыгавор чорным рыелтарам пакінуты ў сіле

20 декабря 2017

Вярхоўны суд пакінуў у сіле прыгавор чорным рыелтарам з Магілёва. Яны прызнаныя вінаватымі ў шасці забойствах і шэрагу іншых злачынстваў. Такім чынам, двое абвінавачаных падлягаюць расстрэлу, астатнія павінны правесці ў калоніі 22 і 24 гады. Справу разглядалі ў апеляцыйным парадку. Перад гэтым усе фігуранты абскардзілі прыгавор Магілёўскага абласнога суда. На працэсе ў Вярхоўным судзе ўсе яны адмаўлялі, што пазбаўлялі людзей жыцця, скардзіліся на націск следства і абгавор з боку змоўшчыкаў.

Падрабязнасці з залы суда ў Юрыя Шаўчука.

Суддзя Аляксей Рыбакоў, які старшынстваваў па гэтай справе, пастанавіў пакінуць прыгавор першай інстанцыі ў сіле. Яны прызнаныя вінаватымі ў шасці забойствах і шэрагу іншых злачынстваў. Такім чынам, двое абвінавачаных - Ігар Гершанкоў і Сямён Беражной - падлягаюць расстрэлу. Таццяна Гершанкова правядзе 24 гады ў калоніі агульнага рэжыму. Чацвёрты фігурант Барыс Калеснікаў асуджаны на 22 гады. Справу разглядалі ў апеляцыйным парадку. Перад гэтым усе фігуранты абскардзілі прыгавор абласнога суда. На працэсе ў Вярхоўным судзе ўсе яны адмаўлялі, што забівалі людзей. Але на адным з пасяджэнняў Сямён Беражной заявіў, што хоча, каб яго прыгаварылі да расстрэлу. Таксама мужчына прызнаўся, што даваў ілжывыя паказанні ў дачыненні да Таццяны Гершанковай. Па словах Беражнова, жанчына не ведала пра забойствы людзей. Прынамсі, пра эпізоды з 2013 года.

Усяго асуджаныя былі абвінавачаны па дзевяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Некаторых сваіх ахвяр абвінавачаныя закапалі жыўцом: перад гэтым проста ўсыпілі людзей гарэлкай і клафелінам. Нагадаем, з 2009 па 2015 год чорныя рыелтары з Магілёва спецыяльна шукалі адзінокіх людзей або тых, якія п'юць, угаворвалі прадаць кватэру або размяняць на таннае жыллё, афармлялі здзелку і забівалі кліентаў. Грошы пакідалі сабе. На іх рахунку шэсць жыццяў, яшчэ адзін чалавек пазбегнуў смерці, хаця і для яго ўжо была гатовая магіла.

Поўнасцю сваю віну прызнаў Беражной. Дзякуючы яго паказанням на змоўшчыкаў шмат у чым удалося разблытаць гэты клубок. Гершанкоў у судзе асцярожнічаў і не прызнаў віны ў забойствах; яго жонка запэўнівала, што зусім не ведала пра расправы і не ўдзельнічала ў іх. Дарэчы, муж і жонка да гэтай гісторыі ўжо былі судзімыя за махінацыі з жыллём. У абвінавачаных канфіскуюць адну кватэру і дзве машыны. А на карысць сваякоў забітых будзе спагнана кампенсацыя маральнага ўрону на агульную суму каля 28 тысяч долараў, а таксама маёмасны ўрон на 85 тысяч.

У сувязі з тым што быў вынесены смяротны прыгавор, суд растлумачыў, што асуджаныя маюць права звярнуцца з хадайніцтвам аб памілаванні да Прэзідэнта.

Прыгавор уступіў у законную сілу. Абвінавачаныя, прыгавораныя да тэрмінаў пазбаўлення волі, на гэты раз могуць падаць скаргу толькі ў парадку нагляду. Што да тых, хто прыгавораны да выключнай меры пакарання, то яны падаць хадайніцтва аб памілаванні могуць на працягу 10 сутак.