Прычыну смерці хлопчыка ў Гродне пакуль ні ўрачы, ні судмедэксперты назваць не гатовыя

15 июня 2017

Трагедыя ў Гродне. Напярэдадні ў бальніцы памёр 9-гадовы хлопчык. Школьнік адпачываў у летнім лагеры, прабыў там усяго адзін дзень, яму стала дрэнна, і дзіця даставілі ў бальніцу. Па факце смерці Следчы камітэт Беларусі праводзіць праверку. Ідзе апытанне сваякоў загінуўшага і ўрачоў, якія спрабавалі аказаць яму дапамогу. Усе акалічнасці здарэння высвятляюць і нашы карэспандэнты. Дзмітрый Смірноў працягне.

Падрабязнасцяў трагедыі дагэтуль вельмі мала. Дакладна вядома, што дзіцяці стала дрэнна падчас адпачынку. Хлопчыка забрала хуткая з дзіцячага лагера "Бераставіцкі" недалёка ад райцэнтра. Там ён паспеў адпачыць усяго пару дзён.

Хлопчыка спачатку даставілі ў цэнтральную бальніцу Бераставіцы. Праз некалькі гадзін за ім прыехаў рэанімабіль з абласнога цэнтра.

У Гродне медыкі правялі даследаванні МРТ і камп'ютарную тамаграфію. Узялі аналізы.

У лагеры каменціраваць здарэнне адмаўляюцца. Работнікі толькі гавораць, што амаль за 30 гадоў - гэта першы такі выпадак. Штогод тут адпачываюць 650 дзяцей. Лагер працуе ў 4 змены.

Загінуўшы хлопчык быў малодшым дзіцем у сям'і, у яго ёсць сястра і брат. Маці зараз знаходзіцца ў радзільным доме і чакае дзіця.

Пакуль што ні ўрачы, ні судмедэксперты назваць прычыну смерці хлопчыка не гатовыя. Каб правесці ўсе неабходныя экспертызы - спецыялістам спатрэбіцца не менш за месяц.