Прычынай пажару ў Заслаўі магло стаць замыканне электраправодкі

25 марта 2019

Летась у Мінскай вобласці на пажарах удалося выратаваць 12 чалавек  дзякуючы сігналу пажарнага  апавяшчальніка. І ўжо сёлета  таксама ўдалося пазбегнуць некалькіх трагедый. 

Так, у Заслаўі прылада папярэдзіла сям'ю Андрэевых - гаспадары з дачкой паспелі выбегчы з палаючага дома. На месца  аператыўна  прыбыли ратавальнікі і ліквідавалі ўзгаранне. Прычынай пажару магло стаць замыканне электраправодкі. Больш падрабязна Наталля Кузьміцкая.

Усё здарылася літаральна за некалькі хвілін. Апоўначы ў адным з пакояў дома сям’і Андрэевых успыхнула полымя. Дзмітрыю прыйшлося імгненна вывесці жонку разам з трохгадовай дачкой. На шчасце, старэйшыя сыны былі ў бабулі. 

Скончылася гэта гісторыя нетрагічна дзякуючы не толькі сігналу пажарнага апавяшчальніка. Гаспадары дзейнічалі правільна і хутка. 

Зараз вялікая сям'я гасцюе ў сваякоў. Хваляванне пераадолелі, сцэнарый начнога здарэння пракруцілі некалькі разоў. Саша і Дзяніс хаця і не былі сведкамі пажару,  але упэўнены:  пры неабходнасці дзейнічалі б як трэба. 

Ад ратавальнікаў Андрэевы атрымалі і новы аўтаномны пажарны апавяшчальнік  з пажаданнямі, каб у новым адрамантаваным доме ён больш ніколі не гучаў.