Прычына смерці 16-гадовай гамяльчанкі - вокамгненны ход менінгакокавай інфекцыі

15 марта 2019

Гэта пацвердзілі вынікі аналізаў, узятых медыкамі яшчэ пры жыцці школьніцы. Праверку па факце зараз праводзяць і камісія галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскай вобласці, і Следчы камітэт. Нагадаем, у панядзелак, 11 сакавіка, у Гомельскую абласную дзіцячую бальніцу была дастаўленая дзяўчына 16 гадоў у цяжкім стане. Нягледзячы на правядзенне інтэнсіўнай тэрапіі выратаваць яе не атрымалася.

Таццяна Веліканава, галоўны педыятр Гомельскай вобласці: "Паводле папярэдняга заключэння судова-медыцынскай экспертызы,  у дзіцяці меў месца вокамгненны ход бактэрыяльнай інфекцыі. Санітарна-эпідэміялагічнай службай сумесна з агульнай лячэбнай сеткай праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы. Вызначаны круг кантактных асоб, прынятыя прафілактычныя меры. Мы выказваем свае спачуванні родным і блізкім дзіцяці".

Яшчэ адзін выпадак смерці, меркавана ад менінгіту, адбыўся 16 лютага ў той жа бальніцы. Памёр двухгадовы хлопчык. Следчы камітэт таксама праводзіць праверку і ўсе неабходныя экспертызы. У школе ж, дзе вучылася 16-гадовая дзяўчына, медыкі правялі агляды навучэнцаў. Ні ў каго больш прыкмет захворвання не выяўлена.