Злачынная схема крадзяжу мінеральных угнаенняў раскрыта ў Гомельскай вобласці

20 апреля 2018

Дзве фуры з 80-тонавым грузам на 20 000 рублёў былі затрыманыя на шляху ў Расію. Сумненні выклікала сапраўднасць транспартных накладных. Падчас праверак выявілася злачынная схема. Галоўным фігурантам аказаўся намеснік кіраўніка фермерскай гаспадаркі "Антонаўскія яблыкі" Калінкавіцкага раёна. Ён і яго памагатыя былі ў змове з пастаўшчыкамі. На сістэмнай аснове па падробленых дакументах угнаенні, якія чакалі ў беларускіх сельгаспрадпрыемствах, пастаўлялі ў Расію. Падчас вобыскаў выяўлена і канфіскавана больш за 100 тон рэчыва.

Віталь Прыстромаў, афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама: "Заведзена крымінальная справа паводле артыкула 210 КК "Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі". Санкцыі артыкула прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць кіруючыя пасады".

Фігуранты затрыманыя і арыштаваныя. Кіраўнік злачыннай схемы схаваўся і зараз у вышуку.