Папярэдняе расследаванне па рэзананснай справе аб гібелі салдата ў Пячах завершанае

19 апреля 2018

Да самазабойства радавога Аляксандра Коржыча прывялі дзеянні трох сяржантаў. Усяго ж узбуджана 15 крымінальных спраў. Але дачыненне да гібелі Коржыча маюць толькі тры з іх. Расследаванне гэтай справы - на жорсткім кантролі Кіраўніка дзяржавы. Нагадаю, раней Следчы камітэт разглядаў і іншыя версіі смерці салдата-тэрміновіка. З матэрыяламі крымінальнай справы азнаёміўся Юрый Шаўчук.

Цела Аляксандра Коржыча было знойдзена 3 кастрычніка мінулага года ў склепе будынка на тэрыторыі воінскай часці ў Барысаўскім раёне. Як высветліцца пазней, у склепе медыцынскай роты мёртвы салдат знаходзіўся тыдзень. З поля зроку вайсковец быў згублены пасля таго, як вярнуўся з медсанчасці. Як сёння растлумачыў журналістам афіцыйны прадстаўнік ваеннага ведамства, здарылася гэта з-за самаўхілення "службовых асоб ад кантролю за вайскоўцамі". Прававая ацэнка наконт гэтага яшчэ будзе дадзеная праваахоўнымі органамі.

Уладзімір Макараў, начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі: "У рамках кампетэнцыі МА яны прыцягнутыя да адказнасці. Зробленыя высновы. З няўхільнай жорсткасцю будуць спыняцца адступленні ад ваеннага статуту".

Следчыя разглядалі тры версіі прычыны смерці салдата: самазабойства, давядзенне да самазабойства і наўмыснае забойства. Але ў выніку праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што радавога давялі да самазабойства дзеянні трох абвінавачаных сяржантаў.

Усяго ўзбуджана 15 крымінальных спраў, якія былі злучаныя ў адну вытворчасць. Прычым дачыненне да гібелі радавога маюць толькі тры крымінальныя справы, якія ўзбуджаліся ў дачыненні трох сяржантаў.

Гэтыя ж сяржанты праходзяць яшчэ па 150-ці эпізодах, іх расследаванне працягваецца. Сваю віну ўсе трое прызналі толькі часткова. Нягледзячы на тое, што менавіта дзеянні вайскоўцаў пацягнулі самазабойства Коржыча, крымінальная справа ўзбуджана паводле артыкула "Перавышэнне ўлады, якое пацягнула цяжкія наступствы". Але гэта толькі юрыдычныя тонкасці, бо, па сутнасці, сяржанты былі начальнікамі Коржыча, а значыць, у першую чаргу, у наяўнасці службовае злачынства.

Алег Шандаровіч, начальнік галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі: "Высновы аб давядзенні да самазабойства Коржыча зробленыя на падставе паказанняў пацярпелых і сведак акалічнасцяў на месцы выяўлення трупа. Гэта адсутнасць слядоў барацьбы, абмежаваная прастора вентыляцыйнай камеры, цэласнасць абмундзіравання і яго адносная чысціня".

І яшчэ адзін немалаважны факт, на які сёння звярнулі ўвагу следчыя. Адказваючы на пытанне, як можна было ўчыніць самазабойства з завязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай, Алег Шандаровіч адзначыў, што магчымасць гэтага была пацверджана падчас следчага эксперыменту, дзе статысты змаглі прадэманстраваць тое, што гэта магчыма, у тым жа самым месцы, дзе быў знойдзены Коржыч.

Сяргей Кабаковіч, начальнік аддзела Следчага камітэта Беларусі: "Было апытана каля 800 чалавек. І здагадкі, нібыта здымаліся напаўжывыя салдаты, сам Коржыч кагосьці ратаваў, нашыйнікі смерці... Яны не знайшлі свайго пацверджання".

Расследаванне гібелі 21-гадовага салдата доўжылася паўгода. У дзень на допыт выклікаліся па 20-30 вайскоўцаў. Апроч трох сяржантаў, да крымінальнай адказнасці прыцягнутыя яшчэ 12 фігурантаў. Але іх дачыненне да смерці вайскоўца не было вызначана. Тры справы хутка будуць перададзеныя ў суд. Расследаванне астатніх працягваецца. Абвінавачаным па справе Коржыча можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.