Пажыццёвае зняволенне з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму

30 октября 2015

Віцебскі абласны суд вынес прысуд у дачыненні да 55-гадовага жыхара Талачынскага раёна, які абвінавачваўся ў забойстве супрацоўніка Аршанскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Генадзя Раўкова. Нагадаем, трагедыя здарылася вясной падчас рэйду. Дзяржінспектара пры выкананні службовых абавязкаў з паляўнічай стрэльбы застрэліў браканьер. З месца злачынства забойца ўцёк.

Сяргей Селіханаў, дзяржаўны абвінаваўца, намеснік начальніка аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці: "Суд згадзіўся з прапанаванай кваліфікацыяй, доказамі і мерай пакарання, якое прапаноўвала абвінавачанне. Гэта пажыццёвае зняволенне. Я мяркую, што бок абароны абскардзіць гэты прысуд. Па асноўным складзе злачынства абвінавачаны не прызнаў сваю віну".

Судовыя пасяджэнні па гучнай справе доўжыліся два месяцы. Было прызначана некалькі складаных экспертыз.