Наступствы і прычыны вялікай вады ў Мінскай вобласці

14 марта 2018

Навокал - вада! Рэзкае раставанне снегу прывяло да першых выпадкаў падтаплення ў вобласці. У зоне рызыкі - Пухавіцкі, Бярэзінскі, Вілейскі раёны. А таксама - Стаўбцоўскі. Там ля вёскі Новы Свержань разлілася рака Жацераўка. Падтопленымі аказаліся не толькі палі і прысядзібныя ўчасткі, але і дамы мясцовых жыхароў. Наступствы вялікай вады - у рэпартажы Наталлі Кузьміцкай.

Дровы, гаспадарчыя прылады, будка сабакі - за некалькі гадзін усё апынулася пад вадой. Такую карціну ўбачыў Аляксандр Бельскі, жыхар вёскі Новы Свержань, калі вярнуўся дадому з працы. І не толькі ён. Амаль усёй вуліцы Лясной зараз больш адпавядае назва Водная.

Апошні раз падтапленне такога маштабу адбылося тут 7 гадоў таму. Рака Жацераўка выходзіць з берагоў. Аднак, на думку мясцовых жыхароў, прычына вялікай вады - у маленькай прапускной здольнасці водаадводнай сістэмы ракі ў гэтым месцы.

Пра тое, што водаадводная сістэма патрабуе мадэрнізацыі, ведаюць і ў мясцовым сельсавеце. Трубы замяніць можна будзе толькі позняй вясной або ўлетку. Жыхарам застаецца толькі чакаць, пакуль вада сыдзе сама. Сітуацыю кантралююць супрацоўнікі МНС.

Паводле прагнозаў спецыялістаў, вялікая вада ў Новым Свержані затрымаецца яшчэ мінімум на два дні. Такія ж нязручнасці з прыходам паводкі адчуваюць і жыхары іншых раёнаў Мінскай вобласці - найперш Пухавіцкага, Бярэзінскага і Вілейскага. Усе выпадкі на кантролі адказных службаў. Пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый і затапленні жылых дамоў падрыхтаваны спецыяльныя месцы для адсялення жыхароў.