Пошукавая аперацыя ў шахце кампаніі “Беларуськалій” завершана. Рабочыя, якія апынуліся пад заваламі, загінулі

11 Сакавіка 2018

З-пад завалу вызвалены самаходны вагон, за якім былі знойдзены 44-гадовы машыніст Максім Іваноў і горнарабочы Дзмітрый Валькоў. На жаль, цуда не здарылася - шахцёры не выжылі. Як нам паведаміў гендырэктар кампаніі "Беларуськалій" Іван Галаваты, зараз са сваякамі загінуўшых гарнякоў працуюць псіхолагі МНС. Прадпрыемства акажа дапамогу ў арганізацыі пахавання. Работы па расчыстцы завалаў будуць працягвацца, але ўжо не так інтэнсіўна і з выкананнем усіх правіл бяспекі. Нагадаем, трагедыя здарылася ў пятніцу вечарам. Падчас праходкі горнай вырабаткі адбыўся раптоўны выкід солі і газу. У гэты час на аварыйным участку знаходзіліся двое рабочых. Праходчы камбайн і самаходны вагон былі цалкам засыпаны пародай даху. Узбуджана крымінальная справа. Для расследавання прычын і акалічнасцяў трагедыі створана спецыяльная камісія.