Пагранічнікі затрымалі грамадзяніна Расіі, якога падазраюць ва ўчыненні некалькіх злачынстваў

28 июля 2016

Беларускія пагранічнікі затрымалі грамадзяніна Расіі, якога падазраюць ва ўчыненні некалькіх злачынстваў на радзіме. Меркаваны баявік з Інгушэціі быў злоўлены за 600 метраў ад лініі беларуска-польскай мяжы за парушэнне пагранічнага рэжыму. Малады чалавек не змог прад'явіць дакументаў, якія даюць права ўезду і знаходжання ў пагранзоне. 23-гадовы парушальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе папярэджання з дэпартацыяй і забаронай уезду ў краіну тэрмінам на пяць гадоў. Падчас праверачных мерапрыемстваў ад расійскіх спецслужб была атрыманая інфармацыя аб тым, што гэты грамадзянін ужо не раз трапляў у іх поле зроку.

Антон Бычкоўскі, намеснік прэс-сакратара Дзяржаўнага пагранкамітэта Беларусі: "Атрымалі інфармацыю ад расійскіх калегаў. Гэты грамадзянін мае дачыненне да бандыцкіх фарміраванняў, незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама меў праблемы з законам. Малады чалавек выношваў намеры незаконна перасячы дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь з мэтай схавацца ад правасуддзя".

Да выканання дэпартацыі, якую, магчыма, зрабяць ужо сёння, падазроны будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Брэсцкай пагрангрупы.