Спальванне сухой травы павялічвае колькасць пажараў

27 апреля 2015

З прыходам вясны расце колькасць пажараў, галоўная прычына якіх - спальванне сухой травы. Усяго з пачатку года ў экасістэме Беларусі зафіксавана амаль 5 тысяч узгаранняў, на якіх загінулі 14 чалавек, яшчэ 16 пацярпелі. Страшныя лічбы статыстыкі - гэта толькі айсберг драм, трагедый і паламаных лёсаў. Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да жыхара пасёлка Прусовічы Лагойскага раёна. Мужчыну абвінавачваюць у знішчэнні чужой маёмасці па неасцярожнасці. А гэта цягне пакрыццё матэрыяльнага ўрону і тэрмін да 6 месяцаў арышту. А пачыналася ўсё больш як празаічна. У канцы сакавіка сын вырашыў дапамагчы сваёй маці спаліць бытавое смецце. У выніку агонь з-за моцнага ветру ахапіў амаль усю вёску і знішчыў 12 будынкаў - жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы. У праблеме разбіраўся Юрый Шаўчук.

Гэты пажар у вёсцы Прусовічы Лагойскага раёна пачаўся з бяскрыўднага жадання сына дапамагчы маці. 48-гадовы мужчына вырашыў спаліць смецце на ўскраіне вёскі. Аднак з-за моцнага ветру полымя перакінулася на сухую траву і ўжо літаральна праз гадзіну пачало гаспадарыць па ўсім пасёлку. Лазні, адрыны, жылыя дамы - стыхія не спынялася ні перад чым.

Наталля Шыла, відавочца пажару: "Там трава іскрай і пайшла гарэць. Там у суседзяў згарэла, тут пайшло на адрыну, дом згарэў. А потым вецер павярнуўся, агонь павярнуўся назад і згарэла лазня і адрына. Вельмі страшна, агонь усюды. Хадзілі з вядром з вадой і венікам тушылі траву".

Дом Наталлі ў тым пажары ацалеў цудам. Усяго той ноччу згарэлі 12 будынкаў. Сума ўрону склала каля 200 мільёнаў рублёў. Добра, што з людзей ніхто не пацярпеў. Пажарныя ваявалі са стыхіяй амаль усю ноч, толькі пад раніцу полымя ўдалося збіць.

А гэта наступства таго самога страшнага пажару. Зараз гэта месца нагадвае больш спалены лес. Ад хат тут засталіся толькі абгарэлае бярвенне і печкі.

Усяго з пачатку года ў Беларусі ўжо здарылася амаль 5000 пажараў у экасістэме, на якіх загінулі 14 чалавек, яшчэ 16 з апёкамі трапілі ў бальніцу.

Віталь Навіцкі, прэс-сакратар МНС Беларусі: "Органы падраздзялення па НС, апроч ліквідацыі такіх пажараў, займаюцца і выяўленнем асоб, якія парушаюць заканадаўства. Каля 2.5 тысячы чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Сума, якую яны заплацілі ў выглядзе штрафаў, перавышае 1 мільярд беларускіх рублёў".

Заплаціць па рахунках прыйдзецца і віноўніку пажару ў Прусовічах. У дачыненні да мужчыны Следчы камітэт ужо ўзбудзіў крымінальную справу.

Апроч пакрыцця ўрону падазронаму пагражае да 6 месяцаў арышту. Але варта сказаць, аналагічнае пакаранне чакае і чалавека, які месяц таму ўчыніў пажар у вёсцы Клетнае Барысаўскага раёна. Там хтосьці няўдала паліў сухую траву.

Таццяна Беланог, афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці: "Па крымінальных справах, узбуджаных па артыкуле 219 КК Рэспублікі Беларусь "Знішчэнне і пашкоджанне маёмасці па неасцярожнасці", праводзіцца праца па зборы доказнай базы для прыцягнення вінаватых асоб да адказнасці. Дапытваюцца сведкі. Устанаўліваецца дакладная сума ўрону".

А гэта трагедыя ў расійскай Хакасіі. З-за моцных пажараў у рэспубліцы згарэла амаль 5 тысяч дамоў, загінулі 15 чалавек, сотні пацярпелі. Урон ад стыхіі вылічваецца мільярдамі расійскіх рублёў. І колькі яшчэ спатрэбіцца часу, каб канчаткова ліквідаваць усе наступствы той трагедыі, пакуль ніхто сказаць не можа. А пачыналася ўсё таксама з бяскрыўднага спальвання травы.